«Будуць адпраўлены па маршруце з трох літар». Вось як Генпракуратура Абхазіі адказала на запыт пра Лукашэнку
Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра накіравалі ў Генпракуратуру непрызнанай рэспублікі запыт аб магчымай перадачы зямлі кампаніі, звязанай з Лукашэнкам.
05.11.2024 / 12:17
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з уладамі непрызнанай рэспублікі Абхазія. На ім таксама відаць Віктара Шэймана. Фота: прэс-служба прэзідэнта Абхазіі
Журналісты спыталіся ў ведамства, ці правяралася здзелка па перадачы прыбярэжнага зямельнага ўчастка плошчай 20 га кампаніі «Жамчужына 2010», звязанай з Віктарам Шэйманам, на наяўнасць карупцыйных дзеянняў.
Гэты ўчастак, паводле даных БРЦ, быў перададзены кампаніі пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію.
У адказе пракуратуры пад подпісам яе кіраўніка Адгура Аграбу сказана, што расследаванне БРЦ яны лічаць неабгрунтаваным, а «мэтай такіх абвінавачванняў з'яўляецца дыскрэдытацыя адносінаў Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Беларусь і непасрэдна прэзідэнта А.Г. Лукашэнкі».
«Аляксандр Грыгорыевіч па праве з'яўляецца адным з аўтарытэтных дзяржаўных дзеячаў сучаснасці, узорам адказнага кіраўніка, цвёрда абараняючага інтарэсы свайго народа, які карыстаецца павагай у нашай краіне. […] У выпадку паўтарэння падобных правакацыйных зваротаў да дзяржаўных структур Рэспублікі Абхазія іх аўтары будуць неадкладна адпраўлены па вядомым маршруце, што складаецца з трох літар», — гаворыцца ў афіцыйным адказе ведамства.
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся з яе лідарам Асланам Бжанням. На наступны дзень пасля паездкі прэм'ер непрызнанай рэспублікі адобрыў прапанову аб перадачы кампаніі «Жамчужына 2010», звязанай з Шэйманам, зямельнага ўчастка ў вёсцы Кындыг Ачамчырскага раёна для будаўніцтва санаторна-курортнага комплексу.