Узбек атрымаў пяць гадоў за ўдзел у вайне на баку Расіі. На фронце ён правёў літаральна некалькі хвілін

Суд у Ферганскай вобласці Узбекістана прысудзіў пяць гадоў пазбаўлення волі 51-гадоваму мясцоваму жыхару Алішэру Халікаву за наёмніцтва ў складзе расійскай арміі.

05.11.2024 / 14:26

Ілюстрацыйнае фота

Халікаў падпісаў аднагадовы кантракт з расійскім міністэрствам абароны, але праслужыў некалькі месяцаў, патрапіўшы ў шпіталь ужо ў першыя хвіліны рэальных баявых дзеянняў, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

Халікаў прыехаў у Санкт-Пецярбург у пошуках працы. У лістападзе мінулага года ён збіў працадаўцу, які не плаціў яму. У выніку яго затрымала паліцыя. Проста ў пастарунку, пад пагрозай крымінальнага пераследу, ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны.

Праз два месяцы навучання ўзбекістанец быў накіраваны ў зону баявых дзеянняў. 4 лютага ён перайшоў мяжу Украіны. Калона была атакована беспілотнікам, Халікаў быў цяжка паранены і шпіталізаваны ў Маскву. Пасля выпіскі з шпіталя яго адправілі ў запас. Яму прапанавалі расійскае грамадзянства, але ён ад яго адмовіўся і вярнуўся дадому. За падпісанне кантракту і раненне ён атрымаў 800 тысяч рублёў (каля $8000).

Халікаву прызнаўся ў віне і раскаяўся, паведамляюць у матэрыялах справы. Па абвінавачванні яму пагражала да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Улады краін Цэнтральнай Азіі неаднаразова папярэджвалі грамадзян пра адказнасць за ўдзел у вайне ва Украіне. У кастрычніку суд у Самаркандскай вобласці прысудзіў 56-гадовага мясцовага жыхара да трох гадоў калоніі. У верасні суд у Ташкенце прысудзіў да абмежавання волі наёмніка ЧВК «Вагнер», які не паспеў узяць удзел у вайне, але паспеў удзельнічаць у мецяжы ПВК і маршы на Маскву.

Nashaniva.com