Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск

На 5 снежня прызначанае пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы.

05.11.2024 / 15:14

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: прэс-служба Крамля

Уладзімір Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск і сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

5 снежня тут пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, у склад якога ўваходзяць абодва палітыкі, піша ТАСС.

Будучую сустрэчу Пуцін і Лукашэнка анансаваў расійскі прэм'ер Міхаіл Мішусцін. Пацвердзіў намер наведаць Мінск і сам Пуцін, прымаючы даверчую грамату ад пасла Беларусі Аляксандра Рагожніка.

«У снежні спаўняецца 25 гадоў з дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, і ў Мінску пройдзе прымеркаванае да гэтага юбілею пасяджэнне Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, — заявіў Пуцін.

У канцы кастрычніка на сустрэчы з першым віцэ-прэм'ерам расейскага ўрада Дзянісам Мантуравым Лукашэнка адзначыў, што яму патрэбная сустрэча з Пуціным, каб «і будучы, і наступны гады былі зразумелымі ў супрацоўніцтве для Беларусі і Расеі».

Апошні раз Пуцін быў у Менску ў маі.

Nashaniva.com