Рыбак з Рагачова злавіў у Дняпры «дагістарычнага шчупака»

Яўген паказаў шчупака, якога выцягнуў у старым рэчышчы Дняпра: вага рыбіны — 14 кілаграмаў, даўжыня — 1,2 метра, піша Onliner.by.

06.11.2024 / 10:12

Мяркуючы па Instagram беларуса, да такой здабычы ён ішоў доўга і цярпліва: з сярэдзіны лета Яўген рэгулярна выкладваў фота са шчупакамі меншымі.

«Вось гэта кракадзілы!» — захоплена пісалі яму ўжо тады, але рыбак запэўніваў каментатараў, што гэта не мяжа, і меў рацыю.

«Вырашыў паехаць на «стары» Дняпро без матора і рэхалота, па-старому.

У выніку атрымалася абхітрыць старажытную тоўстую прабабулю. Шчупак быў адпушчаны», — дзеліцца падрабязнасцямі мужчына.

Шчупак Яўгена хай і не рэкордны для Беларусі, але ў тройку самых буйных з вядомых дакладна трапляе. Самага вялікага на дадзены момант шчупака злавілі ў Слаўгарадскім раёне на рацэ Сож: яго дакладная вага склала 19 кілаграмаў 460 грамаў.

Nashaniva.com