Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Адказы на гэтыя пытанні мы не даведаемся за сёння, але пытанні гавораць самі за сябе, піша Мікола Бугай. Амерыка ўступае ў перыяд моцнага кансерватыўнага рэваншу; мы, еўрапейцы, пакуль не ведаем, у які перыяд уступаем.

06.11.2024 / 10:46

Дональд Трамп, 4 лістапада. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Дональд Трамп не проста перамагае, ён разгромна перамагае. Больш за тое, дэмакраты страчваюць кантроль над Сенатам.

Тэмы, на якія дэмакраты зрабілі стаўку ў сваёй кампаніі: пагрозы дэмакратыі, права на аборты, расавая і гендарная роўнасць — не знайшлі водгуку ў цэнтрысцкіх выбарцаў, якія масава прагаласавалі за Трампа.

Тэма Украіны не была галоўнай у кампаніі, амерыканцаў, як і ўсіх, найбольш цікавіць уласны штодзённы дабрабыт: не толькі эканоміка, але і бяспека, а для амерыканцаў гэта пытанне іміграцыі ў тым ліку.

Пры гэтым галоўнае пытанне для нашага рэгіёна, у тым ліку для беларусаў — ці будзе і наколькі будзе ЗША падтрымліваць Украіну. На яго пакуль няма адказу.

Але Вэнс і Маск — дзве цэнтральныя постаці ў коле Трампа — моцна скептычныя адносна падтрымкі Кіева, а ў асяроддзі рэспубліканцаў гучныя і галасы цынікаў, якія лічаць, што Расіі варта аддаваць у Еўропе ўсё тое, што яна хоча, абы яна не занадта збліжалася з Кітаем. І сам факт, што такая канцэпцыя ёсць, паказвае ступень рызык для існавання беларускай і ўкраінскай нацый. 

Падчас мінулага тэрміну Дональд Трамп не здолеў — ці не хацеў — нічога істотна памяняць у агульных кірунках палітыкі ЗША. Дзяржаўная запазычанасць краіны працягвала расці, вайна ў Афганістане скончылася вывадам войскаў, НАТА заставалася НАТАм, Еўропа працягвала спадзявацца на Вашынгтон, на Кітай ціснулі, але нічога не выціснулі. 

Але той тэрмін быў першым тэрмінам Трампа, цяпер — другі, калі рукі развязаныя. Кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова зараз дасць ім магчымасць ажыццявіць усе свае намеры.

Амерыка ўступае ў перыяд моцнага кансерватыўнага рэваншу; мы, еўрапейцы, пакуль не ведаем, у які перыяд уступаем.

Мікола Бугай