У Расіі жанчына скрала 29 пачкаў масла з крамы — ёй прапанавалі адправіцца на вайну
Расійскія сілавікі ўзялі на ўзбраенне новую практыку: прапануюць кантракт з Мінабароны затрыманым жанчынам.
07.11.2024 / 14:59
Фота: Synergee / Getty Images
У Ніжагародскай вобласці жанчыне, якая скрала 29 пачкаў масла з крамы, прапанавалі адправіцца на вайну ва Украіну.
Крадзеж адбыўся ўвечары 6 лістапада. Праз некаторы час сілавікі затрымалі 33-гадовую Кацярыну. Яе даставілі ў аддзел, а на допыце жанчыне прапанавалі заключыць кантракт з Мінабароны і паехаць на вайну. Кацярына адмовілася, піша Baza.
Як аказалася, гэты выпадак не адзінкавы. Так, прапанову падпісаць кантракт з расійскай арміяй атрымала 27-гадовая Ганна. Яе затрымалі пасля таго, як яна зняла 300 даляраў са знойдзенай чужой банкаўскай карты
На дзяўчыну распачалі справу паводле артыкула 158 КК РФ (крадзеж) і падчас допыту ў паліцыі прапанавалі адправіцца на вайну. Дзяўчына адмовілася і цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Такая ж гісторыя здарылася з 44-гадовай Юліяй з горада Кулебакі. Жанчыну затрымалі за прысваенне чужога заробку, падчас допыту ёй прапанавалі падпісаць кантракт з Мінабароны. Што канкрэтна яна павінна была рабіць на вайне — невядома, але Юлія падпісала адмову, спаслаўшыся на тое, што ёй трэба даглядаць хворую маці.
Паводле расійскага закона супрацоўнікі паліцыі і следчыя могуць прапаноўваць затрыманым падпісваць кантракты з Мінабароны. Гэтая практыка ўжываецца даволі часта, аднак пра выпадкі, калі прапаноўвалі ісці на вайну затрыманым жанчынам, раней вядома не было.