Новая хваля палітычных арыштаў у Гомелі: што вядома

Паводле інфармацыі Флагштока, пад чарговы «хапун» у канцы кастрычніка — пачатку лістапада трапілі дзясяткі людзей. Журналісты не называюць прозвішчы, каб не даваць падставы для яшчэ большых рэпрэсій.

07.11.2024 / 15:29

Большасць затрыманых — гэта былыя актывісты, тыя, хто хоць неяк удзельнічаў у пратэстах 2020 года і раней, хаця апошнім часам не праяўляў ніякай актыўнасці — што ў прынцыпе немагчыма ў сённяшніх умовах у Беларусі.

Некаторыя з затрыманых падвергнутыя крымінальнаму пераследу, але асноўная частка на дадзены момант адпраўленая за краты для адбыцця адміністрацыйнага арышту за «падпіскі». Пры гэтым вядомыя выпадкі, калі сілавікі самі падпісвалі затрыманых на каналы, занесеныя ў «экстрэмісцкі» спіс — на падставе гэтага людзей асуджалі на суткі. Пры гэтым у расклад суда працэсы над імі не ўносілі, каб схаваць маштаб рэпрэсій.

Адзін з былых гомельскіх палітычных зняволеных расказаў Флагштоку аб вядомых выпадках.

Сярод нядаўна затрыманых ёсць сямейная пара: муж адбыў тэрмін у калоніі за ўдзел у пратэстах 2020 года, а яго жонка — адміністрацыйны арышт. На днях іх, у якіх ёсць маленькае дзіця, зноў затрымалі, абвінавачанне пакуль невядома.

Іншы суразмоўца, які пасля 2020 года страціў працу на гомельскім дзяржаўным прадпрыемстве, даведаўся, што нядаўна да яго прыходзіла міліцыя, пакуль яго не было дома. Зараз ён жыве ў чаканні магчымага арышту.

На наступны тыдзень прызначаны шэраг судоў за «падпіскі», некаторыя ўключаны ў расклад, таму мы можам пра іх расказаць.

Напрыклад, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 11 лістапада будуць разглядаць як мінімум чатыры такія справы. Усе працэсы прайдуць не ў будынку суда, а проста ў міліцыі — у РАУС Цэнтральнага раёна на Галавацкага, 135. У апошні час гэта стала распаўсюджанай практыкай. Некалькі судоў прызначаны на адзін і той жа час, да якога затрыманых прывозяць у РАУС і па чарзе судзяць.

Сярод тых, чые справы будуць разглядаць 11 лістапада — Аляксандра Лазарэнка, чые даныя супадаюць з прозвішчам і імем вядомай грамадзянскай актывісткі (не палітычнай). Гэта выпускніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, арт-менеджар, вядучая адукацыйных праграм для дзяцей і дарослых, каардынатар валанцёрскага дабрачыннага праекта OpShop. Яна была ў камандзе новага адукацыйнага праекта для моладзі аб бізнесе, які гэтым летам стартаваў у Жлобіне.

Зараз Аляксандры ставяць у віну тры разы адзін і той жа артыкул КоАП — 19.11 ч. 2 «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

Nashaniva.com