Экспарт Кітая рвануў уверх — там асцерагаюцца пагроз Трампа і новай гандлёвай вайны

У кастрычніку экспарт Кітая паказаў самы хуткі рост за апошнія два гады. Гэта адбылося, бо Кітай чакае, што ЗША і ЕС неўзабаве павысяць тарыфы на ўвоз кітайскіх тавараў.

08.11.2024 / 10:47

Кітай асцерагаецца новай гандлёвай вайны. Фота: AP Photo / Tatan Syuflana

Як піша агенцтва Reuters, Кітай цяпер асцерагаецца гандлёвай вайны.

Дональда Трампа раней абяцаў у выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША павысіць тарыфы на кітайскі імпарт больш чым на 60%.

Гэта палохае кітайскіх уладальнікаў заводаў і чыноўнікаў, паколькі штогадовыя пастаўкі з Кітая ў ЗША складаюць каля 500 мільярдаў даляраў. ЕС у мінулым годзе закупіў кітайскіх тавараў на 466 мільярдаў даляраў, але напружанасць у адносінах з Еўропай таксама ўзмацнілася.

На лінейным графіку паказаны рост экспарту і імпарту Кітая з кастрычніка 2022 па кастрычнік 2024 года.

Экспарт Кітая ў ЗША ў мінулым месяцы павялічыўся на 8,1% у гадавым вымярэнні, а пастаўкі ў Еўропу за той жа перыяд падскочылі на 12,7%.

Агулам Кітай павялічыў у кастрычніку экспарт тавараў на 12,7% у гадавым вымярэнні, што перавышае прагназаваны рост на 5,2%

Чакаецца, што ў бліжэйшыя месяцы пастаўкі застануцца на высокім узроўні.

Паводле даных кітайскай мытні, летась асноўнымі таварамі, якія Кітай пастаўляў у Штаты, былі смартфоны, планшэты і гульнявыя прыстаўкі.

Ёсць прыкметы таго, што попыт на такія тавары зніжаецца.

Імпарт Кітая з краін Еўрапейскага Саюза ў мінулым месяцы скараціўся на 6,1%.

Nashaniva.com