Сабаленка не згуляе ў фінале выніковага турніру WTA

Першая ракетка свету не змагла перамагчы ў паўфінале апошняга прэстыжнага турніру года.

08.11.2024 / 22:38

Арына Сабаленка. Фота: Christophe Ena, AP

У паўфінале Арына Сабаленка сустрэлася з трэцяй ракеткай свету Коры Гаўф з ЗША. У першым сэце тэнісісткі дайшлі да тай-брэйка, дзе беларуска саступіла з лікам 4:7.

У другой партыі саперніцы сістэматычна абменьваліся прайгранымі падачамі, але ў гэтай перастрэлцы больш удачлівай аказалася амерыканка — 6:3. Такім чынам, Сабаленка саступіла ў двух сэтах — 6:7, 3:6.

У фінале выніковага турніру WTA Гаўф згуляе з кітайскай тэнісісткай Чжэн Цыньвэнь.

Нягледзячы на паразу, Сабаленка ўжо забяспечыла сабе першае месца ў сусветным рэйтынгу па выніках сезона пасля няўдачы полькі Ігі Свёнтак на выніковым турніры.

Nashaniva.com