«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў
Яна засталася без выплат па дзіцяці, магчымасці працаваць і нават адкрыць банкаўскую картку.
09.11.2024 / 20:44
Маргарыта Ляўчук з мужам і нованароджаным сынам
Вядомая беларуская спявачка апублікавала эмацыйнае відэа, у якім распавяла пра несправядлівасць, з якой ёй давялося сутыкнуцца ва Украіне, маючы беларускі пашпарт.
Нагадаем, што 24 кастрычніка Ляўчук паведаміла пра нараджэнне сына ад украінца Руслана Карнійкі, з якім пазнаёмілася, калі ездзіла на фронт выступаць перад вайскоўцамі разам з украінскім Культурным дэсантам.
Зараз Маргарыта жыве з малым дзіцем у Харкаве, а яе муж на фронце, служыць у супрацьпаветранай абароне.
Нягледзячы на тое, што Ляўчук нарадзіла ад украінца, які абараняе Радзіму, і вельмі хацела б, па ўласным прызнанні, каб яе сын быў украінцам, але ўкраінскія ўлады не дазваляюць ёй пакуль нават даць яму імя.
«А так здарылася, што мы не можам назваць дзіця, таму што нам патрэбны дазвол ад міграцыі. Таму што ў мяне беларускі пашпарт. Трэба міграцыі падумаць: можна я буду звацца маці свайго ўласнага сына ці не», — абурылася спявачка.
Гэта далёка не адзіная праблема, з якой ёй давялося сутыкнуцца ва Украіне. Яна не можа атрымліваць дзіцячыя выплаты, адкрыць сабе банкаўскі рахунак, недзе працаваць і адкрыць уласнае ІП — усё праз пашпарт грамадзянкі Беларусі і прызнанне пагрозай нацыянальнай бяспецы ва Украіне.
Праз адсутнасць еўрапейскага часовага дазволу на жыхарства, яна не мае рахункаў і картак еўрапейскіх банкаў, якімі б магла скарыстацца ва Украіне.
«А нічога што я ў вышуку ў Расіі, у Беларусі? Нічога, што на мне чатыры крымінальныя справы ў Беларусі, таму што я пайшла супраць рэжыму Лукашэнкі і супраць Пуціна? І падтрымліваю Украіну. Мала таго, што падтрымліваю, я нарадзіла ўкраінца! Выйшла замуж за ўкраінца! Але я не магу жыць нармальным жыццём ва Украіне, таму што ў мяне беларускі пашпарт».
Сёння Ляўчук, як яна сама жартуе, «спансуе ЗСУ» — даводзіцца жыць выключна за грошы мужа-вайскоўца, які пакінуў ёй сваю картку. Але такая сітуацыя яе не здавальняе.
«Сама ўсё жыццё зарабляла грошы, а зараз не магу працаваць, таму што ва Украіне я ніхто!»
Не можа спявачка таксама і замяніць вадзіцельскія правы, якія хутка скончацца.
«Я ўсё роўна люблю Украіну. Дзяржаву вашу — не вельмі», — прызнаецца спявачка.
Маргарыта Ляўчук упершыню паказала сына ВІДЭА
Мікола Сярга падзяліўся, як яго ўразіла Маргарыта Ляўчук
Маргарыта Ляўчук выпусціла песню, якую запісала разам з мужам