Канапацкая пахвалілася, што ў 2020 годзе не марнавала грошы на выбарчую кампанію, а ўдала ўклалася ў крыптавалюту
Ганна Канапацкая расказала, што ў 2020 годзе купіла крыптавалюту на грошы, якія зэканоміла падчас выбарчай кампаніі. Цяпер гэтыя грошы, паводле яе прагнозу, ёй спатрэбяцца.
10.11.2024 / 14:16
«Адказваючы на пытанне: «Чым вам запомніўся 2020 год?», перш за ўсё на розум прыходзяць дзве рэчы: спроба дзяржаўнага перавароту ў нашай краіне купкай самазванцаў (так, імаверна, Канапацкая называе выбары 2020 года — НН), пад кіраваннем і за грошы расійскіх алігархічных структур, і тое, як удала ўвайшла, праз надзейных партнёраў, у BTC па 18.0 на сродкі, не выдаткаваныя ў ходзе выбарчай кампаніі.
Цяпер, як знайшла, неўзабаве спатрэбяцца», — напісала яна.
Колькі біткоінаў Канапацкая купіла і на што грошы спатрэбяцца, яна не ўдакладніла.
4 лістапада ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу Ганны Канапацкай для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Ёй трэба сабраць 100 тысяч подпісаў.
Ганна Канапацкая ў 2020 годзе таксама балатавалася ў прэзідэнты. Паводле звестак ЦВК, яна набрала 1,68% галасоў.