Ілля Шкурын запаліў у чэмпіянаце Польшчы: выйшаў на замену і забіў два галы за 6 хвілін ВІДЭА
Беларускі нападнік прынёс «Сталі» доўгачаканую перамогу, забіўшы столькі ж, колькі за ўсе папярэднія матчы ў сезоне.
10.11.2024 / 17:01
Ілля Шкурын. Фота: Grzegorz Wajda/SOPA Images/LightRocket via Getty Images
Беларус Ілля Шкурын прынёс «Сталі» перамогу над «Пушчай « у хатнім матчы 15-га тура чэмпіянату Польшчы.
Нападніка выпусцілі на поле на замену на 62-й хвіліне пры ліку 0:0. А ўжо да 74-й хвіліны ў актыве Шкурына былі два галы. Прычым дубль ён аформіў за шэсць хвілін. Сустрэча так і завяршылася — 2:0. Забіваў у гэтым матчы толькі беларус.
Перфоманс Шкурына перапыніў чатырохматчавую серыю «Сталі» без перамог: у апошніх чатырох гульнях каманда тройчы саступіла і адзін раз згуляла ўнічыю.
Цікава, што ў папярэдніх 13 матчах у гэтым сезоне Шкурын забіў столькі ж, колькі ў адной гульні з «Пушчай» — 2 мячы.
«Сталь» ідзе на 15-м месцы ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату Польшчы — на радок вышэй за зону вылету. «Пушча» размяшчаецца якраз там — на 17-м месцы.
У мінулым сезоне Шкурын быў прызнаны найлепшым нападнікам «Сталі». Ён забіў 16 мячоў у 33 матчах і стаў другім бамбардзірам чэмпіянату Польшчы.