«Абсалютна новы аўтамабіль, толькі з Еўропы!» Як падсанкцыйны прэміум трапляе ў Беларусь і ці выгадна расіянам ехаць да нас па такія аўто

Тлумачым, які прэміум-сегмент машын па-ранейшаму даязджае да Беларусі.

18.11.2024 / 08:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Свежая санкцыёнка едзе

Нягледзячы на тое, што ўжо амаль як паўгода ў Беларусь нельга ўвозіць з Еўрасаюза аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, а таксама гібрыды і электрамабілі, падсанкцыйныя аўто працягваюць трапляць у нашу краіну. Хоць аб'ёмы далёка не тыя, што былі раней.

Цалкам не спыняе паток люксавых аўто нават той факт, што з кастрычніка свежапрыгнаныя ў Беларусь аўтамабілі нельга, як раней перапрадаваць у Расію. З беларускага боку нічога не змянілася, і прадаваць іх па-ранейшаму можна, але расійскі пакупнік у такім выпадку будзе вымушаны плаціць не 3400-5200 расійскіх рублёў (каля 33-50 еўра) утыльзбору, а не менш за 556 200 расійскіх рублёў (каля 5350 еўра).

Дзякуючы льготнікам выгада застаецца

Адзін з прыкладаў — BMW X3M 2023 года выпуску з прабегам 25 тысяч кіламетраў. У аб'яве пазначана, што машына толькі прыехала з Германіі. Праверка па VIN на сайце беларускай мытні пацвярджае гэты факт. Дата мытнай ачысткі — 18.10.2024. 

Фота: скрыншоты з сайтаў av.by i customs.gov.by

Паколькі машына малодшая за тры гады, то размытняцца яна будзе па стаўцы 48% ад кошту. З улікам выкарыстання льготы па 140-м указе, мытныя плацяжы за такое аўто складуць каля 9-10 тысяч еўра. То-бок нават з улікам узнагароды за паслугі льготніка эканомія на мыце складае 8-9 тысяч еўра.

Калі раптам гэтую машыну захочуць купіць расіяне, то ім давядзецца заплаціць камерцыйны ўтыльзбор у памеры каля 5350 еўра.

Важна, што пасля гэтага расійскі перакуп або проста новы ўласнік можа без праблем перапрадаваць такую машыну ў любы момант, не чакаючы 12 месяцаў з моманту афармлення. 

Калі б такая машына адразу размытнялася ў Расіі з поўнай аплатай мыта і капеечнага льготнага ўтыльзбору ў 3400 расійскіх рублёў (каля 33 еўра), то, каб яе перапрадаць, трэба было б чакаць 12 месяцаў з моманту афармлення, або ўсё адно плаціць камерцыйны ўтыльзбор памерам 5350 еўра. 

Такім чынам, з улікам дысконту ад беларускай мытні ў выглядзе 140-га ўказа прыгон дарагіх аўто ва ўзросце да трох гадоў праз Беларусь застаецца даволі актуальным — нягледзячы на санкцыі і камерцыйны ўтыльзбор.

Яшчэ адзін прыклад — BMW Х5 2022 года выпуску амаль за 100 тысяч даляраў. Машына ў Беларусі з 9 кастрычніка 2024 года. 

Фота: скрыншот з сайта av.by

Праз больш высокі кошт яе размытнёўка па льгоце абышлася прыблізна ў 13-15 тысяч еўра замест 26-30 тысяч еўра поўных пошлін у Расіі.

Праўда, у выпадку з рээкспартам у Расію ўтыльзбор будзе для расійскіх пакупнікоў большым, чым у папярэднім прыкладзе, паколькі пад капотам тут ужо не двухлітровы рухавік, а трохлітровы.

Утыльзбор складае каля 15 тысяч еўра, што блізка да сумы, якую можна сэканоміць на мыце. На першы погляд, выгада не такая відавочная, як з двухлітровымі аўто, бо мытнае афармленне ў Расіі плюс льготны ўтыльзбор (каля 33 еўра) у выніку выходзяць у тую ж суму.

Але тут важна разумець, што размытнены ў Расіі аўтамабіль, за які заплацілі льготны ўтыльзбор, прадаваць можна будзе толькі праз 12 месяцаў. Калі ўласнік захоча зрабіць гэта раней, чым праз год, то яму свеціць даплата ўтыльзбору ў суме каля 15 тысяч еўра. 

Прыгналі з Германіі 10 дзён таму

Працягваюць паступаць у Беларусь і больш дарагія аўто. Так, напрыклад, у Мінску прадаюць Mercedes-Benz V-клас за 150 тысяч даляраў. 

Фота: скрыншоты з сайтаў av.by i ka.by

Гэта цалкам новы аўтамабіль, які літаральна днямі прывезлі ў Беларусь. Дата мытнай ачысткі — 1 лістапада 2024 года. 

З улікам льготнай размытнёўкі, эканомія на мыце можа складаць каля 20 тысяч еўра, што робіць такі варыянт вельмі цікавым для патэнцыйных пакупнікоў з Расіі. Бо гэта нашмат больш за 5350 еўра камерцыйнага ўтыльзбору.

Як такія аўто трапляюць у Беларусь?

Пасля таго як Еўрасаюз уніфікаваў санкцыі для Беларусі і Расіі, падсанкцыйныя аўто трапляюць да нас паўднёвым шляхам праз Турцыю. Частка машын едзе сваім ходам, іншыя (у першую чаргу новыя) вязуць на аўтавозах.

Мінімальныя стаўкі на такую дастаўку складаюць 4500 еўра за аўто, якое перавозчык гоніць сваім ходам з Варшавы. Гэта значыць, што толькі дадатковыя выдаткі на лагістыку робяць машыну даражэйшай мінімум на 3500 еўра. Дастаўка аўтавозам абыходзіцца мінімум у 5500 еўра. Але выдаткі на лагістыку — не адзіны фактар, які павышае кошт аўтамабіля.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З пачаткам вайны, яшчэ да ўвядзення санкцый, далёка не кожны прадавец у Еўрасаюзе быў гатовы прадаваць аўто беларусам. Існавалі нямецкія, польскія і літоўскія фірмы-пракладкі, якія перапрадавалі такія аўто ў Беларусь, бо санкцыі гэтага не забаранялі.

Цяпер натуральна, што падсанкцыйныя машыны на беларускі пашпарт ніхто не прадасць, бо іх легальны экспарт напрамую немагчымы.

Аўтамабілі, якія праз складаныя шляхі трапляюць з Еўропы ў Беларусь, афіцыйна выязджаюць з ЕС нібыта для пакупнікоў з такіх краін, як Грузія, Азербайджан, Арменія, Казахстан. Гэта выклікае дадатковыя выдаткі на афармленне і разлік.

Людзі, якія займаюцца прыгонам аўто, прызнаюцца, што мінімальная сума, на якую аўтамабіль становіцца даражэйшым, — гэта каля 7000 еўра.

«У гэтую суму ўваходзяць выдаткі на ўзнагароду фірме-пракладцы і дастаўка да Мінска. Але звычайна сумы большыя, бо калі нехта і прыганяе машыну вялікім кругам, то гэта нешта дарагое, а значыць, узнагарода за выкуп і перапродаж будзе вышэйшая», — тлумачыць суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З-за гэтага паток машын з Еўропы ў Беларусь вельмі моцна скараціўся. Па словах перагоншчыка, пераплачваць такія грошы мае сэнс толькі ў выпадку аўто, якое каштуе не менш за 50 тысяч еўра.

«Таму цяпер у Беларусь больш не едуць раней папулярныя Audi A4, A6, BMW 3-й і 5-й серыі, бо там мінімум двухлітровыя рухавікі. Таксама больш не прыганяюць двухлітровыя Passat, бо розніца ў цане з такой жа машынай з рухавіком на 1,6 літра занадта вялікая. З рухавіком на 1,6 літра такое аўто спакойна даедзе з Варшавы да Мінска за 500 еўра, а з рухавіком на 2 літры на ўсе выдаткі, уключаючы дастаўку, пойдзе тысяч 6-7 еўра. Натуральна, што за такія грошы яны нікому не патрэбныя», — тлумачыць перагоншчык.

Наколькі заўважны эфект ад санкцый?

Тое, што санкцыі адчувальна паўплывалі на беларускі аўтамабільны рынак, сведчаць даныя ад афіцыйных дылераў. Продажы новых аўто ў апошнія месяцы б'юць рэкорды. Гэта шмат у чым звязана з тым, што з-за санкцый можна без дадатковых выдаткаў прыганяць з Еўропы толькі аўто з рухавіком да 1,9 літра, што схіляе частку пакупнікоў да куплі новых машын, пераважна кітайскіх брэндаў.

Аднак, як паказвае практыка, калі грошы ёсць, то няма праблемы набыць свежапрыгнанае падсанкцыйнае аўто (у тым ліку новае), якое можа каштаваць прыкметна больш за $100 тысяч. Таму менавіта самыя забяспечаныя аўтамабілісты, як з Беларусі, так і з Расіі, без шыкоўных аўто не застануцца, а вось пра свежапрыгнаныя Passat ці Audi з двухлітровым дызелем давядзецца забыцца.

Nashaniva.com