БелАЗ прадае кітайскі варыянт легендарных ботаў Timberland. Яны ў некалькі разоў таннейшыя за арыгінальныя!
Высветлілася, што БелАЗ цяпер гандлюе не толькі кар'ернымі самазваламі, але і абуткам. Візуальна мужчынскія боты вельмі падобныя да легендарных Timberland Premium 6-Inch Boot. Каштуе клон смешныя грошы.
13.11.2024 / 09:22
Скрыншот сайта shop.belaz.by
У анлайн-краме БелАЗу пазначана, што зроблена да болю пазнавальная мадэль з натуральнай скуры:
«Канструкцыя і ўласцівасці, закладзеныя пры стварэнні гэтай мадэлі, дазваляюць выкарыстоўваць яе не толькі ў гарадскім, але і загарадным рэжыме. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для вырабу абутку БелАЗ, падбіраліся з улікам іх выкарыстання ў агрэсіўным асяроддзі».
На месцы, дзе ў арыгінальных Timberland знаходзіцца лагатып у выглядзе дрэва, у белазаўскіх ботах з гонарам красуецца мініяцюрны самазвал.
Калі вы думаеце, што гэта беларускія майстры зрабілі копію папулярных ва ўсім свеце ботаў, дык не — яны made in China. Кітайскі клон каштуе крыху больш за 120 рублёў.
Дарэчы, у беларускіх крамах знайсці арыгінальныя Timberland Premium 6-Inch Boot даволі складана: на сайтах, якія гандлююць імі, пазначана, што ўсё раскупілі.
Ёсць новая пара на «Куфары». Аўтар сцвярджае, што мае сертыфікат арыгінальнасці і прадае за столькі, за колькі набыў (але памыліўся з памерам) — 750 рублёў.
Скрыншот аб'явы на «Куфары»
Трэбы адзначыць, што белазаўскія «цімберлэнды» выйграюць па кошце нават калі параўноўваць з абуткам іншых беларускіх брэндаў. У сярэднім мужчынскія боты ад Marko ці Belwest каштуюць на 100—150 рублёў даражэй.
У анлайн-краме БелАЗа прадугледжаны раздзел «Адзенне». Там ёсць толькі некалькі цішотак (24-36 рублёў), кепак (каля 11 рублёў) і куртак (па 86 рублёў). З аксесуараў прапануюць скураны рэмень за 28 рублёў.
Стала вядома, колькі дывідэндаў Прэзідэнцкі спартыўны клуб атрымаў ад продажу БелАЗаў
Як на БелАЗе зараблялі бізнэсмены Чыж і Кулуеў
У прыбіральнях Палаца культуры БелАЗа камеры паставілі проста над унітазамі
«Дзякуй за тыя «БелАЗы». У Крывым Рогу расказалі, як БелАЗы дапамаглі адбіць расійскі наступ