У Польшчы затрымалі беларуса па падазрэнні ў спробе падпалу ў Гданьску

Гэта яшчэ адно затрыманне ў расследаванні дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая па даручэнні замежных спецслужбаў здзяйсняла акты сабатажу.

13.11.2024 / 11:18

6 лістапада супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі ў Варшаве грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў спробе падпалу аб'екта, размешчанага ў Гданьску.

Гэта яшчэ адно затрыманне ў расследаванні дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая па даручэнні замежных спецслужбаў здзяйсняла акты сабатажу, у прыватнасці падпалы.

У студзені і маі гэтага года АБВ затрымала грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі, адказных за падпалы аб'ектаў на тэрыторыі Гданьска, Гдыні і Марэка, якія таксама рыхтаваліся да падпалаў аб'ектаў на тэрыторыі Уроцлава.

Пракуратура выставіла затрыманаму ў Варшаве беларусу абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе міжнароднага характару і здзяйсненне дыверсій і сабатажу альбо злачынстваў тэрарыстычнага характару ад імя замежнай разведкі. Мужчыну арыштавалі на тры месяцы.

Nashaniva.com