Чыноўнікі патрабуюць пачысціць крамы ад непажаданых кніг

Міністэрства інфармацыі працягвае зачыстку кнігарняў.

13.11.2024 / 11:38

«У цяперашні час у кнігарнях, буйных гандлёвых сетках і інтэрнэт-крамах маюцца ў продажы друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні аб палавым выхаванні дзяцей, здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне аб сапраўдных сямейных каштоўнасцях», — паведамляе Мінінфармацыі.

Фактычна пад такімі кнігамі часта маюцца на ўвазе выданні, дзе гісторыя пададзена не ў праўладным ключы, або тыя, што былі выдадзены недзяржаўнымі выдавецтвамі ці «нелаяльнымі» аўтарамі.

Мінінфарм патрабуе ад крам самастойна правесці рэвізію друкаваных выданняў і прыбраць з продажу кнігі, «распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Nashaniva.com