Трамп назваў імёны кіраўнікоў Дзярждэпа і Нацыянальнай выведкі

Трамп прызначыў кіраўніком Дзярждэпа сенатара Марка Рубіа, кіраўніком Нацыянальнай выведкі стала Талсі Габард. 

13.11.2024 / 23:49

Дональд Трамп і Марк Рубіа. Фота: Evan Vucci / AP

Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сенатара ад Фларыды Марка Рубіа на пасаду кіраўніка Дзяржаўнага дэпартамента ў сваёй будучай адміністрацыі.

Тым часам каментатар кансерватыўнага тэлеканала Fox News і былая кангрэсвумэн Талсі Габард атрымала пасаду кіраўніка Нацыянальнай выведкі.

У студзені, калі ў ЗША афіцыйна адбудзецца змена адміністрацыі, Рубіа стане першым лацінаамерыканцам (але нарадзіўся ён у штаце Фларыда) на пасадзе кіраўніка Дзярждэпартамента.

У мінулым Рубіа неаднаразова выступаў за ўзмацненне жорсткасці знешняй палітыкі ЗША ў дачыненні да «геапалітычных ворагаў» Амерыкі, уключаючы Кітай, Іран і Кубу.

Ён таксама галасаваў супраць вылучэння Кангрэсам Кіеву апошняга пакета амерыканскай дапамогі.

Талсі Габард вядомая як праціўнік ваеннай дапамогі Кіеву.

22 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну, яна напісала ў сетцы Х: «Гэтай вайны і ўсіх пакут можна было лёгка пазбегнуць, калі б адміністрацыя Байдэна і NATO проста прызналі легітымныя асцярогі Расіі ў галіне бяспекі ў сувязі з патэнцыйным членствам Украіны ў NATO, што азначала б прысутнасць амерыканскіх і натаўскіх войскаў проста на расійскай мяжы».

Чытайце таксама:

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

Nashaniva.com