Ля Вярхоўнага суда Бразіліі прагрымелі выбухі. Загінуў мужчына, які спрабаваў трапіць у будынак
У цэнтры Бразіліа каля будынка Вярхоўнага суда Бразіліі ў сераду прагрымелі выбухі. Суд быў эвакуяваны, на плошчы перад ім знайшлі цела мужчыны, піша Бі-бі-сі.
14.11.2024 / 07:35
Фота: Eraldo Peres / AP
Першы выбух прагрымеў у багажніку аўтамабіля на паркоўцы, прылеглай да будынка суда, праз 20 секунд пачуўся другі выбух.
На плошчы перад будынкам было знойдзена цела мужчыны. Па даных уладаў, ён спрабаваў пранікнуць у Вярхоўны суд.
«Гэты грамадзянін падышоў да Федэральнага Вярхоўнага суда, паспрабаваў увайсці, не змог, і ля ўваходу адбыўся выбух», — паведаміла журналістам губернатар Бразіліа Селіна Леа.
Паводле папярэдніх звестак, загінулы таксама зладзіў першы выбух на паркоўцы.
Генпракурор краіны Хорхе Месіяс асудзіў напад і паабяцаў, што ўлады расследуюць інцыдэнт.
«Я рашуча асуджаю напады на Вярхоўны суд, — напісаў ён у сацсетцы X. — Мы павінны ведаць, што стаіць за гэтымі нападамі, і як мага хутчэй аднавіць мір і бяспеку».
Вярхоўны суд знаходзіцца ў цэнтры сталіцы побач з Нацыянальным Кангрэсам і Палацам Планалту — рабочай рэзідэнцыяй прэзідэнта Бразіліі.
У момант інцыдэнту ў будынку парламента праходзілі пленарныя пасяджэнні Палаты дэпутатаў і Сената.
Прэзідэнт Луіс Інасіу Лула да Сілва незадоўга да выбухаў пакінуў працоўны кабінет і ўвечары знаходзіўся ў Палацы Алварада, сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі, якая таксама знаходзіцца непадалёк.