Жыхар Брэста прадаваў месцы ў чарзе на мяжы. Колькі ён заплаціў штрафаў

Месца ў чарзе каштавала ў сярэднім 200 рублёў.

14.11.2024 / 09:34

Берасцеец не быў зарэгістраваны як ІП, але сістэматычна прадаваў месцы ў чарзе ў пункт пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай. Эканамічны суд разгледзеў дзве справы аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле ч. 2 арт. 13.3 КаАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), паведамляе «Віртуальны Брэст».

У першым выпадку ў маі беларус прапаноўваў за грошы дапамогу ў паскораным праходжанні аўтамабільнай чаргі замест свайго месца. Віну мужчына не прызнаў, указаўшы, што сістэматычна такую дзейнасць не ажыццяўляў і фактычна ніякага даходу не атрымаў.

Другая справа была наступнай. Па папярэдняй дамоўленасці з нейкім чалавекам у тэлеграме планаваў уступіць сваё месца ў чарзе, але быў затрыманы міліцыяй.

Гэтым разам берасцеец прызнаў сваю віну. Ён паведаміў, што за ліпень — жнівень 2024 года ім аказана дзесяць такіх паслуг неўстаноўленым асобам і атрыманы даход — 2 000 рублёў.

Па першым эпізодзе мужчына быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь (1 200 рублёў) без прымянення спагнання ў выглядзе канфіскацыі даходу. Па другой справе — штраф 50 базавых (2 000 рублёў) з канфіскацыяй 100% даходу.

Nashaniva.com