Аўтобус Гомель — Уроцлаў з'ехаў у кювет у Польшчы

Аўтобус Гомель — Уроцлаў сёння ноччу з'ехаў у кювет і ўпаў на бок на дарозе А2 у Польшчы. Паводле інфармацыі польскіх ратавальнікаў, аварыя адбылася сёння ноччу каля 1: 45 на 382 км дарогі, піша Reform.news

14.11.2024 / 11:34

Фота: Osp KSRG Łyszkowice

Аўтобус ехаў у напрамку Познані. Каля населенага пункта Каленіцы кіроўца па невядомых пакуль прычынах з'ехаў на аварыйную паласу, прабіў дарожную загароду. Аўтобус далей вылецеў у кювет і лёг на бок.

У ім знаходзіліся 11 замежнікаў, пяць чалавек атрымалі пашкоджанні і былі дастаўлены ў бальніцу. Іх грамадзянская прыналежнасць не называецца.

На фотаздымках, апублікаваных экстранымі службамі, можна ўбачыць, што аўтобус мае беларускія рэгістрацыйныя нумары з Гомельскай вобласці. Пад лабавым шклом размешчана шыльда з указаннем маршруту Гомель — Уроцлаў.

Nashaniva.com