«Як можна развівацца ў такой сістэме?» Эканаміст крытыкуе мадэлі, якія лічыліся ўзорам паспяховасці
Адны заходнія краіны, як Нідэрланды, думаюць пра сваю будучыню. Іншыя, як Нарвегія і многія штаты ЗША, самі рэжуць галіну, на якой усё трымаецца: яны забіваюць у людзях жаданне працаваць, яны множаць дармаедаў, канстатуе вядомы эканаміст Том Г. Палмер. У пятніцу адбудзецца прэм’ера польскага выдання яго кнігі. Знаёмім вас з асноўнымі яе ідэямі.
14.11.2024 / 16:41
Ці сучасная сістэма спрыяе таму, каб людзі мелі матывацыю працаваць? Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва
Том Палмер — старшы навуковы супрацоўнік амерыканскага Інстытута Катона (Cato Institute) і віцэ-прэзідэнт па міжнародных праграмах Atlas Network, прыхільнік лібертарыянства.
Нядаўна выйшаў польскі пераклад кнігі «Быць свабодным. Як захаваць кантроль над сваім жыццём у сацыяльнай дзяржаве?» Рэдактарам і суаўтарам кнігі з’яўляецца Палмер.
З нагоды выхаду кнігі Палмер даў вялікае інтэрв’ю парталу Business Insider Polska. Расказваем пра самыя цікавыя моманты гутаркі.
Сістэма, якая карае за працу
Кніга аўтара раскрывае многія абсурды сацыяльнай дзяржавы. Напрыклад, у ЗША ў некаторых штатах дапамога для адзінокіх маці можа быць вышэйшая за прыбытак ад працы за мінімальную стаўку. «Гэта стварае сітуацыю, калі кінуць працу можа быць выгадней» — заўважае Марта Ролз, суразмоўца Палмера.
У некаторых выпадках павышэнне заробку можа прывесці да страты часткі дапамогі, што фактычна зніжае агульны даход — феномен, які Палмер называе «кліф дапамогі». Гэтая сітуацыя нагадвае падаткавую стаўку вышэй за 100%, калі чалавек атрымлівае менш за большае намаганне. У выніку такіх стымулаў людзі часта трапляюць у пастку беспрацоўя і залежнасці ад дапамогі, што замінае выхаду на рынак працы.
Як Нідэрланды рэфармавалі сацыяльную сістэму
«Нідэрланды доўгі час мелі адну з найбольш шчодрых сацыяльных сістэм у свеце, але ў 1980-х краіна пачала змяншаць дзяржаўныя выдаткі» — прыгадвае Марта Ролз. У адказ на яе пытанне, што схіліла нідэрландцаў да такога кроку, Палмер адказвае, што гэта была праява пачуцця адказнасці і рацыянальнай дыскусіі аб тым, што дзяржава можа сабе дазволіць і як пазбегнуць разбурэння асноваў дабрабыту праз празмерныя выдаткі.
Аўтар лічыць, што, у адрозненне ад Нідэрландаў, у ЗША назапасіліся вялікія незафінансаваныя абавязацельствы, не ўлічаныя ў бюджэце. Нідэрландцы ж зрабілі стаўку на выплату даўгоў для падрыхтоўкі да будучыні, што можа стаць урокам для іншых краін. «Рэшта Еўропы, а нават свету, магла б у іх вучыцца».
«Прывядзіце яго назад пасля таго, як ён застанецца без грошай»
Том Палмер прыводзіць асабісты прыклад, як ягоны брат, у якога былі праблемы з алкаголем, страціў дом і апынуўся ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Разам з іншым братам яны выратавалі яго і адвезлі ў бальніцу. Сацыяльны работнік параіў звярнуцца ў органы сацыяльнай дапамогі для ўдзелу ў праграме лячэння.
Палмеры сабралі ўсе сродкі, якія маглі, каб дапамагчы брату, але ў сацыяльным цэнтры ім адказалі, што брат мае… «зашмат грошай». Каб атрымаць дапамогу, ён павінен быў выдаткаваць усё, што меў, і толькі потым меў бы права на падтрымку. «Як можна чакаць, што хто-небудзь будзе развівацца ў такой сістэме?»
Том Палмер. Фота free-cities.org
Ці падарве нафтавы дабрабыт працоўную этыку Нарвегіі?
Марта Ролз узняла таксама кейс Нарвегіі. Гэта краіна — заўважае яна, — дзякуючы даходам ад нафты, стала прыкладам шчодрай сацыяльнай дзяржавы. Такая мадэль дазволіла ўкараніць шырокія сацыяльныя праграмы, а пятніцу многія нарвежцы ўжо называюць «fridag» — «выходны дзень».
Спадарыня Ролз прыводзіць таксама меркаванне Штэйна Хаўгерунда, кіраўніка кампаніі Proffice, якая займаецца працаўладкаваннем, які даводзіць, што нарвежская мадэль стварыла нізкую матывацыю да працы.
Том Палмер падзяляе гэта меркаванне. У параўнанні са Швецыяй — цвердзіць ён, — Нарвегія можа пайсці супраць уласных інтарэсаў з-за даходаў ад нафты. «Гэта нагадвае сітуацыю ў багатых краінах Персідскага заліва, дзе мясцовае насельніцтва часта амаль не працуе, бо большасць працоўных месцаў займаюць імігранты».
На палях інтэрв’ю — два назіранні наконт Беларусі
Палмер не згадвае Беларусі ні ў сваёй кнізе, ні ў інтэрв’ю, бо асноўны фокус яго разважанняў — трэнды ў заходніх краінах. Але з нагоды гэтага інтэрв’ю выпадае агучыць два моманты датычна Беларусі.
Па-першае, апытанні Сусветнага агляду каштоўнасцяў паказваюць значныя змены ў настроях беларускага грамадства цягам мінулай дэкады. Колькасць рашучых прыхільнікаў тэзы, што добраўпарадкаванне жыцця людзей — гэта задача дзяржавы, паменшала амаль утрая.
Адначасова амаль у чатыры разы павялічылася колькасць тых, хто лічыць, што людзі самі павінны браць адказнасць у свае рукі.
Другі момант: у Беларусі за гэты час у два разы вырасла колькасць тых, хто перакананы, што маюць поўную свабоду выбару і могуць уплываць на сваё жыццё. Акрамя таго, адбыўся выразны зрух у бок пераканання, што канкурэнцыя — гэта добрая рэч: колькасць рашучых прыхільнікаў гэтага пераканання ўзрасла з 30% да 51%.
Інакш кажучы, напярэдадні пратэстаў 2020 года беларусы былі ментальна і псіхалагічна гатовыя да новага этапу развіцця — пераходу да паўнавартай рынкавай эканомікі ва ўмовах дэмакратыі. Гатовы да развіцця паводле той мадэлі і тых каштоўнасцяў, пра якія піша Палмер з калегамі ў сваёй кнізе.