«Сёння выбары сапраўдныя, а не як у 2020-м». Гайдукевіч запэўнівае, што не будзе здымацца з выбараў
Лідар праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі кажа, што ягонае зняцце ў 2020 годзе — гэта іншае.
14.11.2024 / 20:23
Алег Гайдукевіч запэўнівае, што не збіраецца ісці шляхам Сяргея Бобрыкава і Вольгі Чамаданавай і здымацца з выбараў.
Лідар ЛДП лічыць, што ягоная партыя абавязаная ўдзельнічаць у кампаніі, піша Tochka.by.
«Няма такіх умоў [для зняцця]. Больш за тое, у 2010 годзе мой бацька (Сяргей Гайдукевіч — Рэд.) зняўся з выбараў. І я яго не падтрымаў. Я быў прыхільнікам удзелу партыі да канца», — заявіў Гайдукевіч-малодшы.
Ён заявіў, што ЛДП не прапускала ніводнай выбарчай кампаніі з 1994 года.
«Я прыхільнік таго, каб кожная партыя ўдзельнічала ў выбарах. Інакш навошта яна патрэбна? Партыя — гэта барацьба за ўладу», — кажа Гайдукевіч.
На ягоную думку, калі ў партыі няма праграмы, калі яна не змагаецца за ўладу, не прэтэндуе на нешта, то гэта грамадскае аб'яднанне.
«Тады пераназавіце партыю ў грамадскае аб'яднанне. «Аматары матылькоў», «Аматары жанчын», як заўгодна назавіце гэта грамадскае аб'яднанне, але гэта не палітычная структура», — гаворыць кіраўнік ЛДП.
Праўда, адну кампанію, у якой партыя Гайдукевіча ў выніку не ўдзельнічала, памятаюць усе. У 2020 годзе ён зняўся з прэзідэнцкіх выбараў на этапе збору подпісаў. Тады ён заклікаў галасаваць за Лукашэнку і заявіў, што «не можа быць прастытуткай». Пасля гэтага Гайдукевіч стаў даверанай асобай Лукашэнкі.
«2020 год быў адзіным, калі я зняўся з выбараў, бо нам не выбары захацелі зрабіць, а вайну ў краіне. Не важная была мая праграма, не важныя былі мае погляды, не важная была палітычная партыя. Важна было адно — альбо ты выступаеш за тое, каб захаваць краіну, альбо каб яе знішчылі», — лічыць Гайдукевіч.
Паводле яго слоў, не было іншага выбару, таму што «альбо ты стаіш з прэзідэнтам і абараняеш краіну, альбо, калі ты там не стаіш, значыць, ускосна выступаеш за тое, каб яе зламалі».
Але на гэты раз, як лічыць Гайдукевіч, усё зусім па-іншаму.
«Сёння выбары сапраўдныя, а не вайна. Сёння выбары — гэта барацьба ідэй, праграм, а таксама барацьба за будучыню краіны, якой Беларусь будзе праз 5-10-15 гадоў. Таму трэба абавязкова ўдзельнічаць. І ніякіх падстаў і ўмоў для майго зняцця не было, няма і не можа быць на гэтых выбарах», — кажа кіраўнік ЛДП.
Гайдукевіч, якога прызначылі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, не хавае сваёй падтрымкі Лукашэнкі і актыўна прапагандуе яго палітыку ў дзяржаўных СМІ. Ды і ўвогуле, у «сапраўдных выбарах», як іх назваў Гайдукевіч, сягоння ўдзельнічаюць толькі прыхільнікі Лукашэнкі.
Сам Лукашэнка не так даўно заявіў, што Гайдукевіч, як і іншыя падкантрольныя ўладам прэтэндэнты, ідуць на выбары, каб «акружыць яго флангамі і абараніць». Самога Гайдукевіча ён назваў сваім «галоўным аракулам».