«Выкінула праз бакавое шкло, апрытомнела на зямлі». У беларускі расколіна ў пазванку пасля аварыі аўтобуса ў Польшчы

14 лістапада каля польскай Лодзі з'ехаў у кювет аўтобус, які ехаў з Гомеля ва Уроцлаў. У ДТЗ пацярпелі беларусы, чацвёра трапілі ў бальніцу. Адна з пасажырак атрымала сур'ёзныя траўмы і застаецца ў бальніцы, расказаў «Люстэрку» знаёмы сям'і.

15.11.2024 / 20:18

Фота: Osp KSRG Łyszkowice

Пацярпелая беларуска ехала ў Польшчу да родных — ва Уроцлаве ў яе жыве сын. Пра аварыю яе блізкія даведаліся ў чацвер, 14 лістапада, і прыехалі ў бальніцу, як толькі змаглі.

«Калі ўсё адбылося, яна была ў свядомасці, не спала. Пачула з правага боку ўдар — апрытомнела ўжо на зямлі. У паліцыі кажуць, асноўная версія: кіроўца заснуў і з'ехаў у кювет. І ў гэты момант яе выкінула праз бакавое шкло, а аўтобус праехаў крыху далей», — расказаў знаёмы сям'і.

Пасля таго як беларуску забрала хуткая, амаль суткі яе абследавалі: зрабілі рэнтген, КТ. На здымку знайшлі расколіну ў шыйным пазванку. Жанчына застаецца ў бальніцы. Хутчэй за ўсё, там яна прабудзе яшчэ некалькі дзён.

«Цяпер яна ляжыць у хірургіі. Пяць рэбраў зламаныя, у пазванку расколіна, не можа садзіцца і ўставаць. Кансультаваліся з нейрахірургамі, ці рабіць аперацыю, але быццам вырашылі, што пакуль не варта. Яна цяпер у свядомасці, але не можа нават паварушыцца. Ёй пастаянна балюча, даюць абязбольвальныя. Колькі часу спатрэбіцца на аднаўленне, пакуль незразумела», — расказаў знаёмы.

Дырэктар «Гомельаблаўтатранса» Дзмітрый Старасценка расказаў, што да пасажыра, які ўсё яшчэ застаецца ў польскім шпіталі, 15 лістапада павінны прыехаць прадстаўнік перавозчыка і дачка.

Калі гаворка ідзе пра пацярпелую беларуску, то інфармацыя недакладная, кажа яе знаёмы: ні дачка, ні хто-небудзь з кампаніі-перавозчыка да яе не збіраюцца. На дадзены момант перавозчык знаходзіцца на сувязі з сынам пацярпелай.

«Ён сам з імі звязаўся, проста пытаўся, калі можна забраць багаж. Гэта атрымалася не адразу, таму што аўтобус дасталі з кювета толькі ўчора ўвечары (гаворка пра 14 лістапада. — Заўв.). Прадстаўнікі кампаніі-перавозчыка яшчэ сказалі, што дашлюць звесткі аб страхоўцы. Але яна і так была застрахаваная, так што, па ідэі, усё павінна пакрыць», — адзначыў знаёмы пацярпелай.

Што стала з іншымі пасажырамі, ён не ведае. Са слоў суразмоўцы, прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Польшчы з сям'ёй пацярпелай не звязваліся.

ДТЗ адбылося 14 лістапада каля 1:40 па мясцовым часе на 381-м км трасы А2. Аўтобус, у якім знаходзіліся 11 чалавек, рухаўся ў напрамку Познані. Паводле папярэдніх звестак, транспарт з'ехаў з дарогі, упаў у кювет і перакуліўся. Пацярпелі шэсць беларусаў, чацвёра трапілі ў бальніцу.

У Польшчы арыштавалі кіроўцу аўтобуса «Гомель — Уроцлаў», які з'ехаў у кювет

Аўтобус Гомель — Уроцлаў з'ехаў у кювет у Польшчы

Nashaniva.com