«Гэта як хадзіць з пакетам на галаве». Дэвід Лінч паказвае, чым можа скончыцца курэнне
Легендарны кінарэжысёр Дэвід Лінч, аўтар такіх шэдэўраў, як «Твін Пікс» і «Малхоланд Драйв», сутыкнуўся з балючай рэальнасцю: эмфізэма пакінула яго без дыхання. Цяпер ён заклікае іншых кінуць курыць, піша The Guardian.
15.11.2024 / 20:29
Дэвід Лінч выступае на панэлі «Twin Peaks». Фота: Dan Steinberg / AP
Дэвід Лінч вядомы як стваральнік свету, дзе рэальнасць і ілюзія зліваюцца ў адно. Цягам дзесяцігоддзяў цыгарэта была часткай яго іміджу, як і характэрная прычоска ці загадкавыя сюжэты.
«Гэта было важнай часткай майго жыцця», — прызнаўся ён. «Гэта было часткай таго, што я мастак і рэжысёр».
У яго фільмах часта з’яўляліся героі, ахутаныя дымам, што надавала ім большай загадкавасці.
Але цяпер, ва ўзросце 78 гадоў, рэжысёр прызнаўся, што яго звычка курыць прывяла да цяжкай эмфізэмы (захворвання лёгкіх, пры якім з'яўляецца кашаль, адышка і становіцца цяжка дыхаць).
«Я ледзьве магу перайсці праз пакой», — падзяліўся Лінч у інтэрв’ю для People. «Гэта як хадзіць з пластыкавым пакетам на галаве».
Нягледзячы на шматлікія спробы кінуць на працягу гадоў, моц тытуню была занадта вялікай. Нават дыягназ эмфізэмы ў 2020 годзе не спыніў яго. Спатрэбілася сур’ёзнае пагаршэння здароўя, каб нарэшце спыніцца.
«Я ўбачыў на сцяне надпіс: «Ты памрэш праз тыдзень, калі не спынішся», — згадвае ён. «Кінуць было адзіным выбарам».
Зараз Лінч хацеў бы, каб іншыя вучыліся на ягоным досведзе. «Я сапраўды хачу данесці гэта: падумайце. Вы можаце кінуць тое, што праз нейкі час вас заб’е» — цытуе ягоныя словы The Guardian.