Больш за 20 беларусаў выратавалі з рабства на звалцы пад Масквой

У Падольску (Маскоўская вобласць) паліцыя правяла праверку звалкі, дзе, паводле слоў беларуса, людзей утрымлівалі фактычна ў рабскіх умовах.

16.11.2024 / 13:20

Гэты мужчына расказаў валанцёрам руху «Альтэрнатыва», што яго разам з іншымі прымушалі бясплатна працаваць на сарціроўцы смецця, забіралі пашпарты і не плацілі заробак. Работнікі знаходзілі ежу проста на звалцы.

На месцы паліцыя знайшла 60 беларусаў. Частка з іх сцвярджала, што прыехала добраахвотна, а іншая частка — каля 20 чалавек — прасіла аб дапамозе, каб вярнуцца дамоў. Людзі тлумачылі, што іх дакументы былі забраныя, а спробы ўцячы спыняліся пагрозамі.

Прадстаўнік працадаўцы, відаць, пабойваючыся наступстваў, абяцаў вярнуць пашпарты, выплаціць грошы і арганізаваць паездку дадому. Большасць работнікаў згадзіліся на гэтыя ўмовы. Толькі двое мужчын адмовіліся і папрасілі валанцёраў знайсці ім прытулак, што і было зроблена.

Пазней працадаўца даслаў відэадоказ, на якім людзі дэманструюць атрыманыя грошы і паведамляюць, што перасеклі мяжу з Беларуссю.

Nashaniva.com