Расія нанесла масіраваны ўдар па Украіне — ракетамі і беспілотнікамі. Ёсць загінулыя

Пад ударам адначасова некалькі абласцей і Кіеў.

17.11.2024 / 08:24

Фота: ДСНС Кіева

Расійскія войскі ад самай раніцы нядзелі наносяць масіраваны ўдар па Украіне. Яны запусцілі шмат ракет розных тыпаў і дронаў-камікадзэ.

Запуск ракет з расійскіх стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС у кірунку Украіны быў зафіксаваны ў 05:42. Пры гэтым маніторынгавыя групы паведамлялі, што колькасць самалётаў складала 17, піша «РБК-Украіна».

Акрамя таго, яшчэ з вечара ў паветранай прасторы Украіны былі зафіксаваныя ўдарныя беспілотнікі (папярэдне тыпу «Шахед»), якія расіяне запускалі некалькімі групамі і хвалямі ўсю ноч.

Ужо раніцай стала вядома пра запускі крылатых ракет марскога базавання «Калібр» з акваторыі Чорнага мора. Між тым у ВМС УСУ інфармавалі, што раніцай у Чорным моры знаходзіліся 4 расійскія ракетаносцы з агульным залпам да 24 ракет «Калібр».

Пазней быў зафіксаваны запуск балістыкі на Крапіўніцкі, крылатай ракеты на Кіеў. Таксама вайскоўцы УСУ паведамілі пра рух ракет у бок шэрагу абласцей.

Пазней у Паветраных сілах заявілі пра запускі аэрабалістычных ракет «Кінжал» з Тамбова. Яны, у прыватнасці, накіроўваліся ў бок Харкава, Крамянчуга і Кіева. Ва ўкраінскіх гарадах чуваць выбухі, у Адэсе часткова знікла электрычнасць, працуюць СПА.

У Мікалаеве ў выніку атакі «шахедаў» загінулі дзве жанчыны, паведаміў кіраўнік вобласці Віталь Кім. Яшчэ чатыры дарослыя і двое дзяцей атрымалі раненні, адно дзіця было шпіталізавана.

Кіраўнік Мінэнерга Украіны Герман Галушчанка адзначыў, што Расія атакуе аб’екты генерацыі і перадачы электраэнергіі па ўсёй краіне.

Ён паведаміў у сваім Facebook, што аператар сістэмы перадачы тэрмінова ўвёў рэжым экстраных адключэнняў электраэнергіі.

«Адбываецца чарговая масіраваная атака на энергасістэму… Дзе магчыма, ратавальнікі і энергетыкі ўжо працуюць над ліквідацыяй наступстваў», — дадаў чыноўнік.

Nashaniva.com