Інтэрвальнае галаданне можа дапамагчы схуднець але не палепшыць здароўе — навукоўцы
Інтэрвальнае галаданне абяцае лёгкую страту вагі, зніжэнне рызыкі захворванняў і нават запаволенне старэння. Але што насамрэч дэманструюць апошнія даследаванні?
24.11.2024 / 08:00
Фота: depositphotos.com
Цікавасць да інтэрвальнага галадання рэзка ўзрасла ў канцы 2010-х гадоў. Абмяжоўваць сябе толькі ў часе прыёму ежы, а не ў яе складзе для многіх стала самым лёгкім спосабам барацьбы з лішняй вагой. Да таго ж першапачатковыя даследаванні на жывёлах дэманстравалі карысць такога метаду для зніжэння рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, некаторых відаў раку, а таксама яго патэнцыял у падаўжэнні жыцця. Аднак, як піша The Wall Street Joirnal, вынікі даследаванняў на людзях аказаліся менш пераканаўчымі.
Паводле асобных даследаванняў, людзі, якія практыкуюць інтэрвальнае галаданне, спажываюць у сярэднім на 200-500 калорый у дзень менш у параўнанні з тымі, хто прытрымліваецца звычайнага рэжыму харчавання. Пры гэтым яны губляюць ад 1 да 8% масы цела.
Такі эфект прадэманстравала, напрыклад, шасцімесячнае клінічнае даследаванне, вынікі якога апублікаваны летась. Аўтары звяртаюць увагу, што акрамя страты вагі ў сярэднім на 8%, у людзей, якія прытрымліваліся сістэмы інтэрвальнага галадання, назіралася невялікае паляпшэнне ў перапрацоўцы арганізмам глюкозы. Але іншых пераваг адносна здароўя і даўгалецця яны не назіралі.
Некаторыя дактары і самі прыхільнікі інтэрвальнага галадання адзначаюць, што пропуск прыёмаў ежы можа прывесці да недастатковага спажывання бялку і страты мышачнай масы.
Паводле даных аднаго з даследаванняў, людзі, якія абмяжоўвалі час прыёму ежы, гублялі ў два разы больш мышачнай масы, чым тлушчавай, у параўнанні з кантрольнай групай. Аднак іншыя даследаванні пакуль не пацвердзілі гэтую тэндэнцыю.
Эксперты падкрэсліваюць, што для некаторых людзей інтэрвальнае галаданне можа быць карысным інструментам для пахудзення. Аднак у іншых пачуццё голаду ў перыяды ўстрымання ад ежы можа прыводзіць да пераядання ў дазволеныя гадзіны, што нівеліруе намаганні.
Акрамя таго, спецыялісты адзначаюць, што якасць і склад рацыёну застаюцца важнейшымі для агульнага здароўя, чым час прыёму ежы. Яны рэкамендуюць засяродзіцца на збалансаваным харчаванні, а не толькі на абмежаваннях у прыёме ежы па часу.
Людзі, якія практыкавалі працяглае інтэрвальнае галаданне, падзяліліся з журналістамі WSJ персанальнымі негатыўнымі наступствамі. Напрыклад, некаторыя адзначаюць раздражняльнасць, зніжэнне энергіі і праблемы з фізічнай актыўнасцю. У некаторых выпадках фіксацыя на галаданні выклікала парушэнні харчовых паводзін, што прыводзіла да пагаршэння настрою і адносін з асяроддзем.
Нягледзячы на гэтыя праблемы, некаторыя навукоўцы ўсё яшчэ лічаць, што інтэрвальнае галаданне можа прынесці карысць, апроч зніжэння вагі. У адным з даследаванняў у мужчын з праддыябетам, якія прытрымліваліся рэжыму інтэрвальнага галадання, страта вагі была не больш чым у тых, хто еў па звычайным графіку, але ў іх назіраліся паляпшэнні ў метабалізме глюкозы і зніжэнні артэрыяльнага ціску.
Важна адзначыць, што ўдзельнікі эксперыменту заканчвалі прыём ежы да 15:00, што, на думку даследчыкаў, можа быць больш эфектыўным для здароўя.
Навукоўцы дапускаюць, што пры сістэме інтэрвальнага галадання больш важным з'яўляецца ранні прыём ежы, што адпавядае старому правілу: «сняданак з'еш сам, абед падзялі з сябрам, вячэру аддай ворагу».
Як не трапіць у пастку выхаднога дня
Інтэрвальнае галаданне павышае імавернасць развіцця раку — навукоўцы
Час прыёму ежы практычна не ўплывае на пахудзенне ці набор вагі — даследаванне
Ці сапраўды чалавек павінен есці тры разы на дзень?