Тэлевядучага, які называў беларусаў біямасай, а Пазняка нацыстам, выгналі з грамадскага тэлебачання Літвы

Альгіс Раманаўскас прапанаваў расстрэльваць літоўцаў, якія слухаюць рускую музыку. Цяпер у яго праблемы.

18.11.2024 / 13:58

Альгіс Раманаўскас. Скрыншот відэа

Літоўскі грамадскі вяшчальнік LRT спыніў супрацоўніцтва з тэлевядучым і блогерам Альгісам Раманаўскасам. Гэта звязана з расследаваннем супраць яго па факце магчымага падбухторвання да гвалту, піша LRT.

Справа звязана з выказваннем Раманаўскаса, якое ён дапусціў у сваім падкасце. Блогер размаўляў з палітыкам Вітаўтасам Сініцам пра тое, ці павінна дзяржава актыўна ўмешвацца ў выхаванне дзяцей у сем'ях.

Раманаўскас, вядомы радыкальным непрыманнем рускай мовы і культуры, заявіў, што ў літоўцаў, якія слухаюць рускую музыку, трэба забіраць дзяцей, а саміх гэтых людзей варта расстрэльваць.

«Я разумею, што тое, чаго я хачу, гэта ўтопія, і я гэта разумею. Але ўявім сабе сям'ю, дзе бацька гучна глядзіць рускі фільм, а маці гучна слухае рускую музыку. Тут пытанне толькі ў тым, што зрабіць першым: адабраць дзяцей і потым іх расстраляць або расстраляць на вачах у дзяцей? Не, вядома, спачатку забраць дзяцей, а потым. Дзяцей трэба забіраць у такіх», — заявіў Раманаўскас.

Выказванне тэлевядучага выклікала вялікі грамадскі рэзананс, яму давялося прасіць прабачэння. Віленская ўчастковая пракуратура пачала дасудовае расследаванне, але абвінавачванні пакуль нікому не выстаўленыя.

На фоне скандалу Раманаўскас атрымаў папярэджанне ад Камісіі па радыё і тэлебачанні, а яго сяброўства ў партыі хрысціянскіх дэмакратаў было прыпыненае.

Раманаўскас вядомы таксама непрыязным стаўленнем да беларусаў. У лютым у адным з інтэрв'ю тэлевядоўца заявіў, што «беларускай нацыі не існуе», а саміх беларусаў ён назваў «біямасай».

«Сёння ў нас 60 тысяч расіянаў, якіх мы чамусьці называем беларусамі. Якія беларусы, яны гавораць па-беларуску? Гэта рускія са знакам якасці, тут жудасныя справы», — казаў Раманаўскас. 

У чэрвені тэлевядоўца заклікаў забараніць выступ у Вільні Зянона Пазняка, назваўшы таго «беларускім нацыстам і мярзотнікам» і чамусьці параўнаўшы яго з Жырыноўскім.

Nashaniva.com