Выйшаў «Гладыятар 2». Адны гледачы яго разносяць, іншыя ў захапленні — вось чаму
Здымаць сіквэл вядомых фільмаў — рызыка, а калі гаворка пра сіквэлы культавых стужак, гэтая рызыка ўзрастае ў шмат разоў. Тым не менш Рыдлі Скот пайшоў на тое, каб прадставіць нам «Гладыятара 2» праз чвэрць стагоддзя пасля першай стужкі.
20.11.2024 / 11:32
Луцый (Пол Мескал). Фота: кадр з трэйлера
Прайшло 16 гадоў пасля смерці імператара Марка Аўрэлія — аднаго з герояў першага «Гладыятара», філосафа і аднаго з пяці так званых добрых імператараў Рыма. Новыя кіраўнікі імперыі — браты Гета і Каракала, тыраны і карупцыянеры, якіх дабрабыт рымлян цікавіць нашмат менш за ўласныя забавы.
І ў такіх умовах Рым працягвае пашырацца. Бравы трыбун Акацый (Педра Паскаль) заваёўвае для імперыі крэпасць у афрыканскай Нумідыі і бярэ ў палон тамтэйшых вайскоўцаў, у тым ліку свайго нумідыйскага калегу Хана. Разам з іншымі нумідыйцамі Хана трапляе ў нявольніцтва, дзе гандляр нявольнікамі Макрын заўважае яго шалёны характар і вырашае зрабіць з Хана гладыятара.
Пазней мы даведваемся, што для Хана прыезд у Рым — насамрэч вяртанне дахаты. За абліччам смелага нумідыйца хаваецца Луцый (Пол Мескал), сын Луцылы, сястры былога імператара Камода, і Максімуса — таго самага гладыятара з першай часткі, героя Расэла Кроу. Хлопец поўны жадання адпомсціць Акацыю, але даведваецца, што той — муж яго маці, ды і ў Луцыя-Хана з’яўляюцца больш істотныя праблемы.
Трыбун Акацый падыходзіць да імператараў. Фота: кадр з трэйлера
Такую гісторыю нам прадставіў Рыдлі Скот. Яе ўвасабленне каштавала шалёных грошай — па розных даных, гэта ад 210 мільёнаў да 310 мільёнаў даляраў. Пытанняў пра тое, куды пайшлі грошы, у вас не ўзнікне — згадаем хаця б сцэну, дзе арэна Калізея запоўненая вадой, дзе плаваюць акулы, а каманды гладыятараў змагаюцца паміж сабой на караблях. Вядома, у «Гладыятары 2» хапае шыкоўных батальных сцэн.
Адзначым акцёрскую працу Дэнзела Вашынгтона. Вашынгтон, найбольш вядомы па ролях у баевіках і трылерах, увасобіў у «Гладыятары 2» Макрына — гандляра нявольнікамі і інтрыгана, ды ледзь не перайграў у гэтай ролі другога плану галоўных зорак стужкі. Яго Макрын — сапраўды двудушная асоба і яркі антаганіст Луцыя, але пры тым ён спакойны і харызматычны, па-свойму моцны. Злодзей з яго дакладна ўдаўся.
Макрын (Дэнзел Вашынгтон). Фота: кадр з трэйлера
Сам Луцый — персанаж іншага плану, ён поўны высакароднасці, але пры гэтым яго не назавеш зусім аднабаковым — звярніце ўвагу, як ён паводзіць сябе пры першай сустрэчы з маці. Луцый дэманструе чыстыя эмоцыі, не абцяжараныя ніякімі ганебнымі памкненнямі: калі ён злуецца ці адчувае гнеў, калі ён хоча помсты — усё гэта выкліканае несправядлівасцю да яго, яго блізкіх і Рыму, а не жаданнямі атрымаць нешта для сябе.
Праз 25 гадоў пасля мінулай стужкі Рыдлі Скот зноў стварыў гісторыю пра абсалютную маральную чысціню і яе сутыкненне з абсалютным злом — сёлета гэта зло ў асобе Макрына і двух прыдуркаватых імператараў-братоў. Камусьці такія вобразы могуць падацца занадта спрошчанымі і нават плоскімі. Але што дрэннага ў тым, што ў кіно зноў з’явіліся пераканаўчыя ідэалы?
Як і ў выпадку з мінулым фільмам, ад сёлетняга «Гладыятара 2» не даводзіцца чакаць поўнай гістарычнай дакладнасці, але ўсё ж можна прасачыць пэўныя паралелі з гісторыяй. Луцый Вер, сын Луцылы, насамрэч існаваў, але памёр у дзяцінстве, пра ненавіснага яму трыбуна Акацыя гісторыкі ўвогуле не чулі.
Гета і Каракала сапраўды кіравалі Рымам і засталіся не лепшымі яго імператарамі ў гісторыі, але пасля смерці Геты Каракала кіраваў імперыяй яшчэ шэсць гадоў, і пасля гэтага на яго месцы з’явіўся той самы хітры Макрын. А праз некалькі імператараў пасля яго Рымам стаў кіраваць Максімін І, адзін з верагодных прататыпаў гладыятара Максімуса. Яго, Максімуса, у новай стужцы згадваюць неаднойчы, і адзін з яе самых прыгожых момантаў — той, калі нам паказваюць магілу героя Расэла Кроу. Яшчэ адзін гістарычны факт — у Калізеі насамрэч ладзілі марскія баі, праўда, здаралася гэта толькі некалькі разоў за ўвесь час існавання імперыі.
Магіла Максімуса. Фота: кадр з трэйлера
Зрэшты, мы любім сагу пра гладыятараў не толькі за ўрокі гісторыі — каштоўнасць твораў Рыдлі Скота ў іх маштабе, відовішчнасці і такім узроўні маральнага пафасу, які рэдка сустрэнеш у сучасным кіно. Рэйтынгі фільма на буйных кінапляцоўках — 7,1/10 на рэсурсе IMDb і 75% на Rotten Tomatoes. Зборы фільма за першы ўік-энд склалі $87 мільёнаў, і гэта добры паказчык, тым больш што стужка пакуль не выйшла ў ЗША, дзе яе дакладна чакаюць.
Але ёсць і хваля незадаволенасці. Згадаем, напрыклад, крытыка Патрыка Сміта з брытанскай Independent — ён апісвае свае ўражанні ад фільма як расчараванне і раздражненне: «Гладыятар 2» Скота здаецца на дзіва паспешлівым, кучай недапрацаваных ідэй і лянівых адсылак да арыгінальнага героя Кроу 2000 года». Крытыкі таксама звяртаюць увагу, што шлях Луцыя на гладыятарскую арэну паўтарае шлях яго бацькі, то-бок Рыдлі Скот не знайшоў для сіквэла нейкай наватарскай ідэі.
Разносілі новы фільм тыя крытыкі, каму важна было параўнаць яго з першай карцінай. Так, «Гладыятар 2» не прапануе нічога наватарскага ў параўнанні з першым фільмам, і Пол Мескаль — не Расэл Кроу. Новая стужка наўрад ці стане такой жа культавай, як папярэдняя (хаця пабачым), і «Гладыятар 2» не пакідае пасля сябе доўгага прысмаку.
Але гэта адназначна адзін з яркіх фільмаў года, якому ўжо цяпер прадракаюць «Оскар» для Дэнзэла Вашынгтана за ролю другога плану.
Беларусь паказалі ў брытанскім серыяле — такой Смаргоні вы яшчэ не бачылі
«Лі»: фільм пра фатографку часоў Другой сусветнай з Кейт Уінслет
«Супернікі» — гарэзлівы серыял пра сэкс, інтрыгі і брытанскія эліты