Мігранту, які праз агароджу забіў польскага салдата з тэрыторыі Беларусі, удалося пранікнуць у Заходнюю Еўропу
Яго бачылі ў Францыі і Бельгіі.
18.11.2024 / 13:45
Мігрант, якога падазраюць у смяротным раненні польскага сяржанта Матэвуша Сітака праз агароджу на беларуска-польскай мяжы, знаходзіцца ў Еўрасаюзе. Апошнім часам ён з'яўляўся ў Францыі і Бельгіі, паведаміў генерал Аркадыуш Шкутнік, піша Most.
— Гэтая асоба (падазраваны забойца) была ідэнтыфікаваная. Мы маем яго фота, ведаем, дзе ён быў, дзе з'яўляўся. Новыя сігналы ўказваюць, што апошнім часам ён знаходзіўся ў краінах Заходняй Еўропы, у тым ліку ў Францыі і Бельгіі, — распавёў Шкутнік.
Таксама генерал расказаў, што польскія службы ідэнтыфікавалі і склалі спіс з 42 найбольш небяспечных мігрантаў, якія атакавалі салдат камянямі і рагаткамі. Забойца Сітака ўзначальвае гэты спіс. Шкутнік лічыць, што яго затрыманне — пытанне часу.
Раней з'явілася інфармацыя, што польскага салдата забіў грамадзянін Марока. Аб гэтым паведаміла мігрантка, якая нелегальна перайшла беларуска-польскую мяжу і падала заяўку на міжнародную абарону. Польскія службы афіцыйна не каментавалі гэтую інфармацыю.
***
21-гадовы Матэвуш Сітак, салдат 1-й Варшаўскай танкавай брыгады, памёр 6 чэрвеня ў Ваенна-медыцынскім інстытуце Варшавы ад ранення, атрыманага 28 мая падчас службы.
Тады мяжу штурмавала група з прыкладна 50 мігрантаў. Яны паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы пагранічнікаў галінамі дрэў, палкамі і камянямі. У аднаго з іх быў нож, прымацаваны да палкі. Ім ён праз агароджу пырнуў польскага салдата. Саслужывіца пачала аказваць яму першую дапамогу, але мігранты атакавалі і яе. Сітак быў шпіталізаваны, але, нягледзячы на намаганні дактароў, выратаваць яго не ўдалося. Момант смяротнага ранення трапіў на відэа камер назірання, што дазволіла стварыць партрэт забойцы і ідэнтыфікаваць яго з дапамогай іншых мігрантаў.