Пяскоў пра план Эрдагана: Варыянт замаразкі па лініі фронту апрыёры непрымальны для Расіі
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна пракаментаваў мірны план Эрдагана, пра які напісалі СМІ.
18.11.2024 / 14:06
Дзмітрый Пяскоў і Уладзімір Пуцін. Фота: Аляксей Данічаў, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Турцыі не абмяркоўваў свой план з Пуціным. Больш за тое, па словах Пяскова, варыянт замарозкі канфлікту па лініі судакранання Крэмль не задавальняе, піша ТАСС.
«Нейкі варыянт «замарозкі» па лініі баявога сутыкнення, вядома, ён апрыёры непрымальны для расійскага боку. У дадзеным выпадку чэрвеньскія сфармуляваныя ўмовы прэзідэнтам Пуціным, яны цалкам захоўваюць сваю актуальнасць. Гэта тое, што трэба зрабіць, для таго каб баявыя дзеянні былі спыненыя», — заявіў Пяскоў.
Падрабязнасці мірнага плана Эрдагана, які ён збіраецца прадставіць на саміце G20, апублікаваў Bloomberg. Ён прадугледжвае замарозку канфлікту па цяперашняй лініі баявога судакранання, стварэнне дэмілітарызаванай зоны ва ўсходнім Данбасе з прысутнасцю міжнародных сіл бяспекі.
Акрамя таго, Эрдаган прапануе адкласці пытанне аб уступленні Украіны ў NATO мінімум на 10 гадоў як саступку Расіі.
Пуцін раней называў свае ўмовы перамір'я. Гэта вывад украінскіх войскаў з анэксаваных Расіяй абласцей, адмова Украіны ад уступлення ў NATO, яе нейтральны і бяз'ядзерны статус, а таксама зняцце ўсе антырасійскіх санкцый.