Лукашэнка: Усебеларускі народны сход не павінен дамінаваць над іншымі органамі ўлады
Усебеларускі народны сход нікому не павінен перашкаджаць працаваць, не павінен дамінаваць над іншымі органамі ўлады. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на пасяджэнні прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, піша БелТА.
19.11.2024 / 12:22
Фота: Sergei Ilnitsky Pool Photo via AP
Спачатку Лукашэнка расказаў, што яго трывожыць у справе УНС.
«Я вырашыў правесці сёння пасяджэнне Прэзідыума ў шырокім складзе, бо нам трэба вырашыць галоўнае пытанне (можа, нават не вырашыць, яно вырашана ў Канстытуцыі): мы ўсе павінны разумець, што УНС нікому не павінен перашкаджаць працаваць. УНС не павінен дамінаваць над іншымі органамі ўлады, бо мы створым сабе праблемы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што пакуль на пасадзе старшыні УНС і кіраўніка краіны знаходзіцца адна асоба, гэтага, натуральна, не адбудзецца. «Але потым мы можам стварыць сабе вялікія праблемы», — сказаў Лукашэнка.
Разам з тым Лукашэнка звярнуў увагу, што ў цэлым месца і роля УНС вызначаны Канстытуцыяй. «Але гэта агульныя палажэнні, агульныя патрабаванні, агульныя функцыянальныя абавязкі УНС, а вось у дэталях, у канкрэтных пытаннях у нас бывае наадварот», — заўважыў Лукашэнка.
Напрыклад, што тычыцца пытанняў нацыянальнай бяспекі. «Калі вызначана, што УНС прымае рашэнні ў плане нацыянальнай бяспекі (вайна і мір і іншае) — гэта толькі паўнамоцтвы УНС. Кіраўнік уносіць (калі, не дай Бог, вайна ці пагроза вайны), — збіраем УНС, уносім прапановы, разглядаем і пераводзім краіну на ваенныя рэйкі, калі раптам заўтра вайна (я бяру крайні прыклад). На гэта паўнамоцтвы — ва Усебеларускага народнага сходу», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Той жа падыход, па яго словах, тычыцца і кадравых рашэнняў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі УНС.
Таксама ён сказаў, што на ўзроўні Прэзідыума УНС трэба разглядаць толькі важныя пытанні.
«Гэта не азначае, што мы заўтра будзем збіраць, як пленумы ЦК, па чатыры разы ў год, і будзем там нешта абмяркоўваць, рабіць выгляд, што мы моцна працуем і занепакоены нейкім пытаннем. УНС павінны займацца выключна па Канстытуцыі сваімі пытаннямі. З гэтага павінна паходзіць і структура, і ўзаемаадносіны прэзідыума, старшыні прэзідыума з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.