Аляксей Дзікавіцкі датэрмінова пакідае «Белсат»

Выканаўца абавязкаў дырэктара канала меўся заставацца на пасадзе да 3 снежня, аднак падаў заяву аб звальненні ўжо ад 22 лістапада. Аляксей Дзікавіцкі пастанавіў зрабіць так, каб яму не давялося фармальна ліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», паведамляе «Белсат».

19.11.2024 / 16:51

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: Белсат

Выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі паведаміў рэдакцыі, што падаў кіраўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) заяву аб звальненні на ўласнае жаданне ад 22 лістапада:

«Сёння я падаў заяву аб скасаванні працоўнай дамовы з прапановаю зрабіць гэта паводле згоды бакоў і спыніць супрацу ўжо ў гэтую пятніцу».

Дзікавіцкі растлумачыў, што яму загадана зліквідаваць структурную адзінку «Белсат TV», а ён не хоча гэтага рабіць нават фармальна.

Рэакцыя кіраўніцтва Польскага тэлебачання на гэтую заяву аб звальненні пакуль невядомая.

15 лістапада рэдакцыя «Белсата» разам з выканаўцам абавязкаў дырэктара даведалася пра прызначэнне новай кіраўніцы — Аліны Коўшык.

Журналістам таксама было абвешчана, што «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкаю, а стане часткаю новага цэнтру замежнага вяшчання TVP, куды таксама залучаць англамоўны канал TVP World. Эфір «Белсату» будзе падзелены паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расейскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай, што пакуль не мае назвы. Кожная будзе мець сваіх 6 гадзінаў.

Чаму кіраўніцтва Польскага тэлебачання пастанавіла не пакідаць Дзікавіцкага на чале беларускай рэдакцыі, журналістам не патлумачылі. Ён меўся заставацца на пасадзе да 3 снежня.

Аліна Коўшык цягам 15 гадоў працавала на «Белсаце», у тым ліку ў якасці галоўнай вядоўцы, рэдактаркі і прадзюсаркі тэлепраграмаў. У верасні 2022 года пайшла ў палітыку: далучылася да Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, а потым трапіла ў Каардынацыйную раду. Яна ўжо пакінула абедзве структуры дзеля працы на тэлеканале.

Nashaniva.com