Украінцаў спыталі: перамовы з магчымай стратай тэрыторый ці вайна да перамогі? Вынікі свежага апытання
Пасля больш чым двух гадоў канфлікту ўкраінцы ўсё больш стамляюцца ад вайны з Расіяй.
20.11.2024 / 00:03
Дзіця на арэлях каля дома, пашкоджанага ракетай. Другі дзень вайны, 25 лютага 2022 года, Кіеў. Фота: Pierre Crom / Getty Images
Паводле апошніх апытанняў Gallup ва Украіне, праведзеных у жніўні і кастрычніку 2024 года, у сярэднім 52% украінцаў хацелі б, каб іх краіна як мага хутчэй дамовілася аб спыненні вайны.
Амаль 38% лічаць, што Украіна павінна працягваць ваяваць да перамогі.
У інстытуце Gallup адзначаюць, што цяперашняя сітуацыя кардынальна адрозніваецца ад 2022 года, калі апытанне, праведзенае праз некалькі месяцаў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, паказала, што ўкраінцы настроены рашуча:
73% аддавалі перавагу барацьбе да перамогі.
У 2023 годзе падтрымка баявых дзеянняў да самай перамогі знізілася, але 63% украінцаў выказаліся за працяг барацьбы, а за мір шляхам перамоў — 27%.
Стомленасць узмацнілася ў гэтым годзе, і падтрымка найхутчэйшага пераходу да міру праз перамовы вырасла да 52%, упершыню дасягнуўшы большасці.
Значная частка сярод тых, хто выступае за найхутчэйшае завяршэнне вайны, лічыць, што Украіна павінна быць гатова саступіць частку тэрыторыі ў абмен на мір.
«Больш за палову гэтай групы (52%) згодныя з тым, што Украіна павінна быць адкрытай да пэўных тэрытарыяльных саступак як часткі мірнага пагаднення для спынення вайны, тады як 38% не згодныя з гэтым, а яшчэ 10% не ведаюць. Gallup не ставіў больш дэталёвых пытанняў аб узроўні тэрытарыяльных уступак, на якія былі б гатовы пайсці людзі», — гаворыцца ў паведамленні Gallup.