Капітанам кітайскага судна, якое падазраюць у пашкоджанні кабеляў на дне Балтыйскага мора, аказаўся грамадзянін Расіі

Федэральная паліцыя Германіі пачала аказваць падтрымку Фінляндыі і Швецыі ў расследаванні магчымай дыверсіі, з-за якой аказаліся перарваныя тэлекамунікацыйныя кабелі ў Балтыйскім моры.

20.11.2024 / 15:37

Для дапамогі Фінляндыі і Швецыі будзе задзейнічаны карабель нямецкай берагавой аховы, які неўзабаве адправіцца ў плаванне, піша Bild.

У панядзелак адразу два падводныя тэлекамунікацыйныя кабелі, пракладзеныя па дне Балтыйскага мора, былі пашкоджаныя.

Адзін з кабеляў даўжынёй 1173 кіламетры злучаў Хельсінкі і нямецкі горад Ростак. Прычына няспраўнасці пакуль не ясная, цяпер праводзіцца расследаванне.

Міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус ужо выказаў меркаванне, што пашкоджанне падводных кабеляў было «намераным».

Паводле адной з версій, кабелі маглі быць абарваны спушчаным у ваду якарам або донным тралам. Пад падазрэнне патрапіла кітайскае грузавое судна Yi Peng 3. Карабель прыцягнуў увагу сваімі дзіўнымі маршрутамі, таму два судны ВМС Даніі следавалі за ім.

Згодна з паведамленнямі ў сацыяльных сетках, датчане, па ўсёй верагоднасці, насціглі Yi Peng 3 і спынілі яго. Капітанам судна аказаўся грамадзянін Расіі.

Абарваныя адразу два інтэрнэт-кабелі, якія злучаюць Скандынавію з Германіяй і Літвой. Падазраюць дыверсію

Кітайскае судна адключыла перадатчык даных за некалькі гадзін да абрыву кабеля ў Балтыйскім моры

Nashaniva.com