Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў
Грамадскі дзеяч левага ўхілу Сяргей Вазняк далучыўся да ініцыятыўнай групы Канапацкай. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.
21.11.2024 / 11:28
Фота: Сяргей Вазняк / Facebook
«Вось гэтую працу я вельмі люблю! Магчымасць паразмаўляць з людзьмі, выказаць сваё бачанне сітуацыі, абгрунтаваць неабходнасць перамен. Таму ўчора з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне Ганны Канапацкай паехаць з яе камандай у Гомель на збор подпісаў за вылучэнне Ганны кандыдатам у прэзідэнты.
Відавочна, што ў выпадку рэгістрацыі кандыдатам яна будзе адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай А. Лукашэнку. Для мяне гэта дастатковая матывацыя, каб падтрымаць такога чалавека», — напісаў ён.
Вазняк расказаў, што спытаў прэтэндэнтку пра яе стаўленне да праблемы палітвязняў.
«Адказ мяне поўнасцю задаволіў: у выпадку рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты яна будзе казаць, што людзі, якія сёння сядзяць у турмах з-за падзей 2020 года, не павінны былі падвяргацца крымінальнаму пераследу, іх месца на волі. Таксама дзяржава павінна ствараць умовы для вяртання ў краіну без усялякіх папярэдніх умоў вымушаных эмігрантаў. Яны павінны жыць і працаваць у Беларусі, развіваць яе эканоміку, плаціць тут падаткі, рабіць сацыяльныя адлічэнні», — дадаў ён.