Лукашэнка дэманстратыўна папрасіў, каб яго спойлерам далі эфірны час у дзяржСМІ
На сустрэчы са сваёй ініцыятыўнай групай Аляксандр Лукашэнка папрасіў прапагандыстаў перадаць сваім кіраўнікам пасланне.
21.11.2024 / 14:01
Фота: Evgenia Novozhenina / Pool Photo via AP
Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў дзяржаўных СМІ даць пляцоўку для падкантрольных яму прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
«Я б папрасіў журналістаў — перадайце сваім кіраўнікам: калі нехта з кандыдатаў у прэзідэнты, якія збіраюць подпісы, захоча нешта расказаць вось у такім плане, як гэта цяпер адбываецца, гэта трэба зрабіць.
Прапануйце [іншым прэтэндэнтам, якія збіраюць подпісы для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты] калі яны хочуць. Не хочуць — гэта іх права», — заявіў Лукашэнка.
Ён патрабаваў выконваць раўнавагу ў гэтым пытанні, піша БелТА.
«А, прэзідэнт тут сабраўся… Справа нават не столькі ў тым, колькі подпісаў сабралі. Для мяне важна, як ідзе гэты збор, што людзі кажуць. Для мяне гэта важна як для прэзідэнта. Што, можа быць, не важна для іншых кандыдатаў, але для мяне — важна.
Але тым не менш няхай кожны скажа, як у яго ідзе збор подпісаў і гэтак далей. Хоць бы па некалькі хвілін. Тое самае, што і ў мяне тут, каб яны маглі выказацца», — сказаў Лукашэнка.
Да збору подпісаў для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты былі дапушчаны толькі падкантрольныя адміністрацыі Лукашэнка прэтэндэнты, якія не хаваюць сваёй поўнай падтрымкі Лукашэнка.
Падчас папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній альтэрнатыўныя кандыдаты маглі карыстацца толькі двума невялікімі слотамі на дзяржаўным тэлебачанні і радыё, якія патрабуюцца па законе. У астатнім дзяржаўныя СМІ асвятлялі толькі дзейнасць і кампанію Лукашэнкі, ігнаруючы іншых прэтэндэнтаў.