«Пераследуюць за ажыццяўленне свабоды думкі». «Вясна» патлумачыла, чаму правакатара Какойта прызналі палітвязнем

У дачыненні да Яўгена Катлярова было дапушчана найгрубейшае парушэнне правоў чалавека, таму ён прызнаны палітвязнем, паведамілі праваабаронцы выданню «Позірк».

21.11.2024 / 15:28

У адказе на запыт «Позірку» адзначаецца, што Катлярова судзілі паводле арт. 3691(дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Гэтыя дзеянні дзяржавы з’яўляюцца «адвольным абмежаваннем права на свабоду выказвання меркавання»: у адпаведнасці з арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Карыстанне гэтымі правамі можа падлягаць абмежаванням, якія павінны быць устаноўлены законам і з’яўляцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва, гаворыцца ў каментары.

«Любыя абмежаванні не павінны падрываць сутнасць самога права, і ў гэтым сэнсе пазбаўленне волі за такога роду дзеянні, якія паставілі ў віну Катлярову, — гэта найгрубейшае парушэнне правоў чалавека», — лічаць праваабаронцы.

Таксама, у адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», калі пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, асоба прызнаецца палітычным зняволеным.

«Акрамя таго, асуджэнне Катлярова суправаджалася грубым парушэннем прынцыпу справядлівага правасуддзя — яго справа была разгледжаная ў закрытым пасяджэнні без адпаведных падстаў», — адзначылі ў ПЦ «Вясна».

20 лістапада беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 13 чалавек. Сярод іх Катляроў, вядомы таксама як інтэрнэт-правакатар. Ён адзначыўся і тым, што сведчыў супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі на палітычна матываваным працэсе, па выніках якога той быў прыгавораны да трох гадоў зняволення, раней ладзіў правакацыі супраць незалежных СМІ, падаючы ім ілжывую інфармацыю пад выглядам актывіста апазіцыі.

Таксама, паводле звестак праваабаронцаў, яго даносы сталі падставай для абвінавачвання некалькіх іншых гамяльчан па адміністрацыйных і крымінальных артыкулах.

Катляроў быў затрыманы вясной 2024 года пасля публікацыі некалькіх відэазапісаў, дзе ён крытыкаваў дзеянні чыноўнікаў Гомельскага аблвыканкама.

Прыгавор — 1,5 года пазбаўлення волі-вынес суд Навабеліцкага раёна Гомеля сёлета 8 кастрычніка (суддзя Генадзь Калацэй).

Nashaniva.com