Жыхары Міншчыны, каб выбіць доўг, падрапалі кузаў Tesla. Але яны пераблыталі машыну
Мужчыны вырашылі дапамагчы сяброўцы, але перастараліся.
21.11.2024 / 19:46
Ілюстрацыйны здымак
Мінчук паскардзіўся ў міліцыю на тое, што невядомыя падрапалі кузаў ягонай Tesla. Нанесеная шкода склала больш за 7 тысяч рублёў.
Неўзабаве знайшліся і вінаватыя — жыхары Міншчыны 56 і 65 гадоў. Яны расказалі, што вырашылі дапамагчы сяброўцы вярнуць грошы, якія яна пазычыла прыяцелю.
Мужчыны спачатку запісалі для даўжніка відэа з пагрозамі, але ролік чамусьці не адправіўся. Тады яны пайшлі на крайнія меры.
Яны прыехалі дадому да даўжніка, каб асабіста пагутарыць і абмеркаваць праблему запазычанасці. У двары мужчыны ўбачылі прыпаркаваную машыну. Ім здалося, што яна падобная да аўто даўжніка, і таму вырашылі падрапаць кузаў цвіком.
У гэты час з дому выйшаў сапраўдны ўладальнік Tesla. Ён выклікаў міліцыю, пасля чаго няўдалых калектараў затрымалі. Цяпер супраць іх заведзена крымінальная справа.