Мінінфарм забараніў распаўсюджваць у Беларусі 35 друкаваных выданняў. Што за яны — пакуль загадка

Паводле паведамлення ў тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі, спіс з 35 забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў размешчаны на ягоным сайце, хоць знайсці яго там пакуль нікому не ўдалося. 

21.11.2024 / 21:27

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Забароненыя выданні на аснове вердыкту рэспубліканскай камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі. На яе думку, яны «здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны».

У выпадку выяўлення фактаў распаўсюджвання друкаваных выданняў, уключаных у вышэйзгаданы спіс, Міністэрства інфармацыі пагражае пазбаўляць злоўленых на гэтым дазволу на займанне распаўсюдам.

Пры гэтым акурат сёння міністр інфармацыі Марат Маркаў наракаў, што нейкая літаратура, «якая можа быць аднесена да экстрэмісцкай, ды і проста супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам», масава стала ісці ў Беларусь з Расіі, у якой нядаўна прынялі законы супраць «прапаганды ЛГБТ, бяздзетнасці, нетрадыцыйных сексуальных адносін, педафіліі».

Маўляў:

«Уся літаратура, якая была выпушчаная ў нашага саюзніка, сёння хлынула на тэрыторыю Беларусі. У гэтых умовах мы не можам заставацца абыякавымі».

Ён выказаў надзею, найбліжэйшым часам у Беларусі прымуць дакументы, якія дазволяць яшчэ больш папаўняць спіс забароненага за кошт

«літаратуры, якая свядома ўкідваецца ў беларускае грамадства з мэтай расхіствання нашых сапраўды спрадвечных, нацыянальных асноў і размывання нашых інтарэсаў».

Хто вышуквае ў крамах і бібліятэках «экстрэмісцкую» літаратуру?

Маркаў: Нас будуць закідваць «экстрэмісцкай літаратурай», каб мозг станавіўся больш мяккім

Маркаў: Давер беларусаў да дзяржаўных СМІ істотна вырас

Марата Маркава спыталі, ён за дэмакратыю ці за дыктатуру

Nashaniva.com