У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго
Трагедыя адбылася 12 лістапада.
22.11.2024 / 07:40
У Лас-Вегасе ў ЗША паліцыя застрэліла мужчыну пасля таго, як ён патэлефанаваў у 911 і папрасіў аб дапамозе. Трагедыя адбылася 12 лістапада, піша Бі-бі-сі.
43-гадовы Брэндан Дарэм выклікаў паліцыю, заявіўшы пра напад. Паводле яго слоў, як гаворыцца ў заяве паліцыі, ён убачыў двух чалавек, якія стралялі на вуліцы побач з яго домам і спрабавалі ўварвацца ўнутр.
Сям'я мужчыны, у прыватнасці, яго 15-гадовая дачка, хавалася ў суседнім пакоі, пакуль бацька змагаўся з нападнікамі.
Афіцэры, якія прыбылі на выклік, знайшлі каля дома Дарэма аўтамабілі з выбітымі вокнамі. Яны таксама заўважылі пашкоджанні ў памяшканні і пачулі крыкі ўнутры. Паліцэйскія выбілі ўваходныя дзверы, каб увайсці.
Кадры з нагруднай камеры, апублікаваныя паліцыяй, паказалі, як паліцэйскі Аляксандр Букман ідзе ў доме са зброяй у руках. Былі чуваць крыкі і грукат.
Павярнуўшы за кут у калідоры ў форме літары «L», паліцэйскі пабачыў Брэндана Дарэма, які быў без кашулі. Ён змагаўся за нож з жанчынай у балаклаве. Пазней жанчыну апазналі як 31-гадовую Алехандру Будру.
Паліцэйскі Букман крычыць: «Гэй, кінь нож, кінь нож». Праз секунду ён страляе і трапляе ў Дарэма. І Дарэм, і Будра падаюць.
Затым Букман робіць яшчэ пяць стрэлаў у Дарэма і кажа: «Падніміце рукі».
Пра смерць Брэндана Дарэма абвясцілі на месцы здарэння. Будру арыштавалі. Супраць яе выставілі чатыры абвінавачанні, у тым ліку ў пранікненні са зброяй.
Сям'я Брэндана Дарэма патрабуе звальнення афіцэра.
Дачка загінулага заявіла, што яна «абураная» дзеяннямі паліцыі Лас-Вегаса, бо яны паставіліся да яе бацькі, як да «падазраванага», а не як да «ахвяры».
Адвакат сям'і заклікаў выдаць неадкладны ордар на арышт Букмана.
«У адрозненне ад грамадзянскай справы, у якой разглядаецца пытанне аб нядбайнасці, крымінальныя справы патрабуюць доказаў злачыннага намеру, — сказаў CNN Дэвід Роджэр, галоўны юрысконсульт Асацыяцыі абароны паліцыі Лас-Вегаса, — хоць смерць Дарэма з'яўляецца трагедыяй, афіцэр Букман выконваў сваю працу і не збіраўся здзяйсняць злачынства».
Адвакат паліцэйскага, заявіў, што той не здзейсніў ніводнага злачынства.
Паліцыя Лас-Вегаса паведаміла, што 26-гадовага Аляксандра Букмана адправілі ў адпачынак, пакуль працягваецца ўнутранае расследаванне інцыдэнту.
Мясцовыя навінавыя агенцтвы, спасылаючыся на крыніцы ў паліцыі, паведамілі, што Дарэм і Будра раней былі ў рамантычных адносінах.
Асістэнт шэрыфа Доры Карэн адзначыў, што паліцыя не знайшла зброі на месцы здарэння, нягледзячы на шматлікія паведамленні аб стральбе.
Інцыдэнт зноў прыцягнуў увагу да дзеянняў паліцыі. Трагедыя адбылася за некалькі дзён да таго, як Мінюст ЗША пачынае расследаванне гібелі Соні Масі, якую ў ліпені застрэліў афіцэр у яе доме ў Ілінойсе.
Паліцыянт тады застрэліў жанчыну з рондалем у яе дома. Рэагаваць на гучную справу прыйшлося Джо Байдэну і Камале Харыс.
У 2023 годзе ў ЗША паліцыя застрэліла цяжарную жанчыну, якая адмовілася выйсці з машыны.