Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась
Паўночная Карэя з-за сваёй ядзернай праграмы знаходзіцца пад санкцыямі ААН, і ёй забаронена закупляць больш за 500 тысяч барэляў нафты ў год. Для Расіі ж мільён барэляў — невялікі аб'ём.
22.11.2024 / 12:17
Танкер з нафтай. Здымак: Planet Labs
З сакавіка гэтага года Расія паставіла Паўночнай Карэі больш за мільён барэляў нафты. Да такой высновы прыйшоў Брытанскі даследчы цэнтр Open Source Centre, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі, піша Бі-бі-сі.
Вядучыя эксперты і міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Лэмі сказалі Бі-бі-сі, што, па іх перакананні, гэтай нафтай Масква расплачваецца з Пхеньянам за зброю і салдат, якімі КНДР дапамагае Расіі ваяваць з Украінай.
Аналіз спадарожнікавых здымкаў, якім Open Source Centre эксклюзіўна падзяліўся з Бі-бі-сі, паказвае, што за апошнія восем месяцаў больш за тузін Паўночнакарэйскіх танкераў здзейснілі 43 рэйсы паміж расійскім нафтавым тэрміналам на Далёкім Усходзе і сваімі партамі.
Здымкі танкераў у моры паказваюць, што ў Расію яны ішлі пустымі, а вярталіся загружанымі.
Першы рэйс, задакументаваны Open Source Centre, адбыўся 7 сакавіка 2024 года, праз сем месяцаў пасля першых паведамленняў аб пастаўках паўночнакарэйскіх боепрыпасаў Расіі. Апошні — 5 лістапада.
«Гэты пастаянны прыток нафты дае Паўночнай Карэі ўзровень стабільнасці, якога яна не бачыла з тых часоў, як былі ўведзеныя санкцыі», — мяркуе старшы аналітык Open Source Centre Джо Берн.
Паўночная Карэя з-за сваёй ядзернай праграмы знаходзіцца пад санкцыямі ААН, і ёй забаронена закупляць больш за 500 тысяч барэляў нафты ў год.
Мільён барэляў (56 тысяч тон), пра які кажа Open Source Centre, — гэта для Расіі зусім невялікі аб'ём: паводле афіцыйных звестак, яна за адны суткі здабывае амаль у дзесяць разоў больш.
Open Source Centre адзначае, што мільён барэляў — гэта мінімальная адзнака, таму што частку рэйсаў яны не змаглі адсачыць з-за аблокаў.
«Увесь жнівень было воблачна, так што мы не змаглі задакументаваць ніводнага рэйса», — тлумачыць Джо Берн.
Расійскі МЗС на просьбу Бі-бі-сі пракаментаваць высновы Open Source Centre не адказаў.
«Гэтыя пастаўкі забяспечваюць паліва для пуцінскай вайсковай машыны: гэта нафта за ракеты, нафта за артылерыю, нафта за жаўнераў», — кажа Х'ю Грыфітс, які ў 2014-2019 гадах узначальваў групу экспертаў ААН, якая сачыла за выкананнем санкцый супраць Паўночнай Карэі.
Кіраўнік Форын-офіса Дэвід Лэмі ў заяве для Бі-бі-сі сказаў: «Расія ў сваёй вайне ва Украіне ўсё больш пачынае залежаць ад Паўночнай Карэі, яе жаўнераў і зброі ў абмен на нафту».
Нафта і нафтапрадукты патрэбныя Пхеньяну, у прыватнасці, для таго, каб перакідваць па краіне войскі і ўзбраенні, а таксама запраўляць аўтамабілі кіроўнай эліты.
Рэжым санкцый дазваляе Паўночнай Карэі закупляць усяго 500 тысяч барэляў у год, тады як яе спажыванне, паводле ацэнак спецыялістаў, складае каля дзевяці мільёнаў барэляў. Таму КНДР купляе нафту і нафтапрадукты нелегальна.
Па словах доктара Го Мёнхуна з паўднёвакарэйскага Інстытута нацыянальнай стратэгіі ў галіне бяспекі, звязанага з выведкай, гэтыя нелегальныя спосабы паставак уключаюць перагрузку нафты з танкера на танкер у адкрытым моры. Гэта і рызыкоўны, і дарагі спосаб.
«А цяпер Кім Чэн Ын атрымлівае нафту наўпрост, прытым, напэўна, лепшай якасці, і ёсць верагоднасць, што ён атрымлівае яе бясплатна, за боепрыпасы. Што можа быць лепш? — кажа доктар Го. — Мільён барэляў гэта нішто для такой нафтаздабываючай краіны, як Расія, але гэта істотны аб'ём для Паўночнай Карэі».
Адсочаныя таемныя пастаўкі
Ва ўсіх 43 рэйсах, якія адсачыў Open Source Centre па спадарожнікавых здымках, паўночнакарэйскія танкеры прыходзілі ў расійскі порт Усходні з адключанымі трэкерамі, якія паказваюць, дзе знаходзіцца судна, а адтуль вярталіся ў чатыры порты на ўсходнім і заходнім узбярэжжах КНДР.
«Судны ціха прыходзілі амаль кожны тыдзень. З сакавіка ідзе даволі пастаянны паток», — кажа Джо Берн з Open Source Centre.
Каманда, якая адсачыла рух гэтых танкераў, ведае іх грузападымальнасць з тых часоў, калі былі ўведзеныя санкцыі.
Затым яны вывучылі фатаграфіі суднаў, якія прыходзілі ва Усходні і сыходзілі з яго, звяртаючы ўвагу на іх асадку — гэта значыць, тое, наколькі яны былі загружаныя.
Паўночнакарэйскія танкеры, паводле іх ацэнкі, сыходзілі загружанымі на 90%.
З гэтых зыходных даных і была выведзена адзнака ў мільён барэляў. Гэта ў дзесяць разоў больш, чым Расія афіцыйна паставіла Паўночнай Карэі ў 2023 годзе.
ЗША яшчэ ў траўні заявілі, што, паводле іх ацэнкі, Расія паставіла ў КНДР 500 тысяч барэляў нафты.
У сакавіку гэтага года Расія тарпедавала падаўжэнне мандата групы экспертаў ААН, якая сачыла за выкананнем санкцый супраць Паўночнай Карэі.
«Мы адсочвалі некаторыя з датычных суднаў і кампаній, але нас прымусілі спыніць працу — магчыма, пасля таго, як яны ўжо перавысілі ліміт у 500 тысяч барэляў», — кажа амерыканка Эшлі Хес, якая працавала ў групе экспертаў да самага яе роспуску.
Са слоў брытанца Эрыка Пентон-Воўка, які ўзначальваў групу ў 2021-2023 гадах, расійскія чальцы групы спрабавалі перашкаджаць яе працы.
«А цяпер, калі групы больш няма, яны могуць проста ігнараваць правілы. Той факт, што Расія запрашае гэтыя судны ў свае парты і загружае іх нафтай, дэманструе новы ўзровень пагарды санкцыямі», — кажа эксперт.
Цяпер Пентон-Воўк уваходзіць у праўленне Open Source Centre. Ён адзначае, што праблема з супрацоўніцтвам Масквы і Пхеньяна глыбей, чым перавышэнне ліміту паставак нафты.
«Цяпер гэтыя аўтарытарныя рэжым нарошчваюць супрацоўніцтва, дапамагаюць адзін аднаму дамагацца чаго яны хочуць і ігнаруюць пажаданні сусветнай супольнасці. Гэта становіцца ўсё больш небяспечным […] Менш за ўсё нам хацелася б, напрыклад, каб паўночнакарэйская тактычная ядзерная зброя з'явілася ў Ірана», — тлумачыць Пентон-Воўк.
Паўднёвая Карэя і яе хаўруснікі больш за ўсё асцерагаюцца, што за дапамогу ў вайне з Украінай Масква аддзячыць Пхеньяну спадарожнікавымі і ракетнымі тэхналогіямі.
«Калі вы пасылаеце сваіх людзей паміраць на чужой вайне, то мільён барэляў нафты — наўрад ці дастатковы кошт», — разважае доктар Го.
З ім згодны расійскі спецыяліст па Паўночнай Карэі, прафесар паўднёвакарэйскага ўніверсітэта Кунмін Андрэй Ланькоў.
«Я раней думаў, што гэта не ў інтарэсах Расіі — дзяліцца вайсковымі тэхналогіямі, але цяпер, магчыма, у яе іншы разлік. Расейцам патрэбныя гэтыя жаўнеры, і гэта дае паўночнакарэйцам новы рычаг уплыву», — кажа Ланькоў.