Лаўроў у Брэсце распавёў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»

Міністр замежных спраў Расіі прыехаў у Брэст на сумесную калегію і вырашыў паразмаўляць са студэнтамі.

22.11.2024 / 16:01

Скрыншот відэа

Лаўроў чарговы раз усклаў віну за вайну ва Украіне на NATO. Ён паўтарыў, што Крэмль неаднаразова папярэджваў Захад аб тым, што не варта падтрымліваць Украіну і запрашаць яе ў NATO, паведамляе ТАСС.

«Калі пачалася ў нас спецыяльная ваенная аперацыя пасля 10 гадоў, якія прайшлі пасля дзяржаўнага перавароту, калі і Пуцін, і мы ўсе стараліся растлумачыць Захаду, што ён ідзе не туды, падтрымліваючы гэты нелегітымны рэжым, ды яшчэ і зацягваючы яго ў NATO, — казаў Лаўроў падчас размовы з беларускай моладдзю. — Калі ўсё гэта пачалося, ужо спецыяльная ваенная аперацыя, яны сталі казаць: «Мы ж вам казалі, трэба было Украіну прыняць у NATO, тады б на яе не напала Расія». Вось такі ў іх быў пасыл».

Далей міністр замежных спраў Расіі заявіў, што пасля вайны ад Украіны застанецца толькі частка.

«А зараз гэтыя сцэнарысты развіцця сітуацыі пачынаюць разумець, што ад Украіны застанецца толькі частка, і кажуць: «Вось давайце зараз спынімся, а гэтую частку прымем у NATO». А іншыя кажуць: «Нельга спыняцца, трэба Пуціна дабіваць, бо калі яго не дабіць, ён нападе на нас усіх», — заявіў Лаўроў.

Гэта ён назваў канфрантацыйнай логікай.

Nashaniva.com