У Тбілісі апазіцыя перакрыла Плошчу Герояў да 22:00
У Тбілісі праходзіць заяўленая апазіцыйнымі партыямі пратэсная дэманстрацыя з патрабаваннем правядзення паўторных парламенцкіх выбараў.
23.11.2024 / 15:43
Адзін з лідараў «Кааліцыі за змены» Ніка Гварамія абвясціў на акцыі ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, што апазіцыя перакрые Плошчу Герояў у Тбілісі да 22:00, піша «Эхо Кавказа».
У гэты момант прыхільнікі і лідары апазіцыі праводзяць шэсце па вуліцы Варазісхеві. Георгій Вашадзэ заклікаў паліцыю не перашкаджаць правядзенню акцыі.
Плошча Герояў з’яўляецца адным з асноўных вузлоў для транспартна-аўтамабільнага і грамадскага руху ў сталіцы Грузіі.
Парламенцкія выбары прайшлі ў Грузіі 26 кастрычніка. Паводле афіцыйных вынікаў, партыя «Грузінская мара» атрымала 89 з 150 месцаў у парламенце 11-га склікання.
Усе чатыры апазіцыйныя партыі адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў. Яны заяўляюць, што адмовяцца ад сваіх мандатаў. Лідары апазіцыі з 4 лістапада праводзяць акцыі пратэсту, патрабуючы паўторных выбараў.