Рычард Гір прадставіў новы серыял, у якім свае 20 секундаў славы атрымала і Беларусь
Знакаміты галівудскі акцёр Рычард Гір прадставіў у ранішнім шоу Today на амерыканскім канале NBC News шпіёнскі серыял «Агенцтва» са сваім удзелам, які выходзіць днямі. У эфіры праграмы ў тым ліку быў паказаны ўрывак з трылера, у якім гаворка ішла пра Беларусь, піша сайт «Беларусь и мир».
23.11.2024 / 21:18
Кадр з тэлесерыяла «Агенцтва». Выява: NBC News
Эпізод доўжыцца ўсяго каля 20 секунд і ўяўляе сабой напружаную размова двух мужчын, якая тычыцца нейкай узніклай праблемнай сітуацыі.
Рычард Гір, які грае ролю кіраўніка аддзялення ЦРУ ў Лондане, якое рыхтуе і курыруе агентаў, што працуюць пад глыбокім прыкрыццём у розных краінах, размаўляе па відэасувязі з, мяркуючы па ўсім, начальнікам.
«Беларусь — гэта сітуацыя, пра якую мы цалкам у курсе. Пакуль нічога асаблівага. Казаць нешта яшчэ рана, але на гэты момант мы ў асноўным бачым яе як лакальную праблему», — няўпэўнена тлумачыць шэфу Гір.
Рычард Гір у ранішнім шоў Today. Фота: NBC News
«Джым, мы абодва ведаем, што такой рэчы, як лакальная праблема ў Беларусі, не існуе», — жорстка адказвае яму суразмоўца з экрана кампутара.
У гэты момант Гір краем вока глядзіць міма манітора на свайго, мабыць, калегу, якога іграе Джэфры Райт. Той паказвае яму нататнік, на жоўтым лісце якога толькі што напісаў фразу «ён мае рацыю». Гір уздыхае, і на гэтым эпізод перарываецца.
Як расказаў у далейшай размове з вядучай зорка фільмаў «Красуня» і «Хаціка», зняты новы тэлесерыял на аснове французскага серыяла «Бюро», які ішоў на працягу некалькіх гадоў і вельмі яму падабаўся.
Дарэчы, прэм'ера серыял «Агенцтва» павінна адбыцца 29 лістапада 2024 года на тэлеканале Paramount+. У галоўных ролях у ім таксама зняліся Майкл Фасбендэр і Джодзі Тэрнер-Сміт, а сярод прадзюсараў пазначаны Джордж Клуні.
Беларусь паказалі ў брытанскім серыяле — такой Смаргоні вы яшчэ не бачылі
Алег Гарбуз зняўся ў польскім шпіёнскім серыяле
Колькі ў Вілейцы плацяць тым, хто грае спецназаўцаў у фантастычным расійскім серыяле?