Расійская армія пачала штурм Вялікай Навасёлкі. Яе захоп будзе мець велізарнае значэнне

Расійскія вайскоўцы пачалі штурмаваць пасёлак Вялікая Навасёлка. У гэтым населеным пункце заканчваецца ўсходняя частка добра ўмацаванай паўднёвай запарожскай лініі абароны УСУ. Яна дазваляла Украіне стрымліваць расійскія атакі, пры гэтым не перакідваючы дадатковыя сілы з іншых кірункаў, піша «Агентство». 

24.11.2024 / 14:46

Актывізацыю штурмавых дзеянняў расійскіх вайскоўцаў на ўсходніх і паўночна-ўсходніх подступах да пасёлка DeepState заўважыў у чацвер. Паводле звестак праекта, у аперацыі задзейнічаны спецназ ГРУ. Мэтай атакі DeepState назваў абыход пасёлка з поўначы.

У ноч на 23 лістапада DeepState ацаніў сітуацыю ў раёне Вялікай Навасёлкі як «вельмі цяжкую». Праект паведаміў аб высадцы дэсанту за тры кіламетры на ўсход ад пасёлка. Расійскія вайскоўцы змаглі хутка прыцягнуць рэзервы, таму што «абарона аказалася не вельмі надзейнай», удакладніў DeepState.

У суботу, 23 лістапада, стала вядома, што расійскія вайскоўцы «актыўна ўзяліся» непасрэдна за саму Вялікую Навасёлку. Паводле звестак DeepState, штурм ідзе няпроста: расійскае войска «цярпіць пастаянныя няўдачы».

Вялікая Навасёлка — апорны пункт паўднёвай запарожскай лініі абароны УСУ, якая праходзіць ад Дняпра ў бок Данецка, напісаў OSINT-аналітык Эндру Перпетуа (Andrew Perpetua). Трываласць гэтых абарончых збудаванняў і складанасць атакі на гэтым участку дазволілі Украіне пазбягаць перакідання сіл з іншых раёнаў, гаворыцца ў паведамленні Перпетуа.

«З гэтым скончана. Зараз трэба пачаць ахвяраваць іншымі раёнамі, каб абараняцца тут. Ні пры якіх абставінах нельга дапусціць, каб Расія прасоўвалася тут», — піша экспэрт.

Паводле яго ацэнкі, украінскія падраздзяленні на гэтым участку моцна саступаюць расійскім вайскоўцам у колькасці.

Вялікая Навасёлка мае значэнне як лагістычны цэнтр УСУ, пісаў расійскі ваенны канал «Военный осведомитель». Таксама ён адзначаў, што ў раёне пасёлка летам 2023 года пачыналася контрнаступленне УСУ, падчас якога Украіна змагла адбіць некалькі населеных пунктаў, частка з якіх ужо зноў перайшлі пад кантроль Расіі.

Расійская армія набрала высокі тэмп прасоўвання ва Украіне ў верасні, збольшага дзякуючы таму, што УСУ перакінулі частку сваіх войскаў з усходу краіны ў Курскую вобласць. У кастрычніку Расія захапіла рэкордную плошчу з лета 2022 года. У лістападзе расійская армія працягнула павялічваць тэмпы прасоўвання ва Украіне.

Nashaniva.com