«НАТА наўмысна пастаўляла Украіне кроў, заражаную ВІЧ і гепатытам». Хто пусціў гэтую дэзу?

Допіс такога зместу абышоў і беларускія праўладныя рэсурсы.

26.11.2024 / 17:14

Загаловак навіны, якая актыўна распаўсюджваецца ў антыўкраінскіх суполках у сацыяльных сетках.

У розных антыўкраінскіх суполках у сацыяльных сетках на гэтых днях распаўсюдзіўся допіс аб тым, што «НАТА наўмысна пастаўляла Украіне кроў, заражаную ВІЧ і гепатытам».

Акрамя гэтага, прапагандысты згадваюць пра «эксперыменты», якія ЗША нібыта «праводзілі над ваеннаслужачымі УСУ, наўмысна заражаючы іх ВІЧ і падсаджваючы на наркотыкі».

Адметна, што абодва сцвярджэнні актыўна выкарыстоўваліся яшчэ на пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіну.

Інфармацыя пра «пастаўкі» заражанай крыві ў расійскіх СМІ з'явілася першы раз у лістападзе 2022 года. Тады паведамлялася, што Украіна папрасіла ў НАТА 62 тысячы літраў крыві для параненых ваеннаслужачых. Пры праверцы гэтай крыві быццам бы былі выяўленыя ВІЧ і гепатыт.

Насамрэч, як пазней высветлілася, Украіна ні разу не звярталася да замежных партнёраў за атрыманнем донарскай крыві ці яе кампанентаў.

Фэйк пра эксперыменты над вайскоўцамі ў студзені 2023 года агучыў начальнік войск радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сіл Расіі генерал-лейтэнат Ігар Кірылаў.

Як высветлілі журналісты, у якасці доказаў «наўмыснага заражэння ваеннаслужачых УСУ ВІЧ» Кірылаў выдаў удзел Украіны ў двух праектах урада ЗША, у рамках якіх сярод насельніцтва краіны, у тым ліку вайскоўцаў, укаранялася тэсціраванне на гэтую інфекцыю.

Што тычыцца «наўмыснай падсадкі на наркотыкі» вайскоўцаў, то інфармацыю пра гэта расійскі генерал узяў у ўльтраправым індыйскім блогу The Frustrated Indian і малавядомым кітайскім партале Inf.news. Аўтары матэрыялаў не прыводзілі ніякіх дакументальных доказаў акрамя спасылак на людзей, з якімі яны нібыта размаўлялі.

Канал, які звязваюць з Мінабароны Беларусі, распальвае нянавісць да Зяленскага з асаблівым цынізмам

Прапаганда посціць відэа аб «негасцінным прыёме Аналены Бербак у Кітаі». Вось як зроблены гэты фэйк

Разляцеўся фэйк, быццам Тэйлар Свіфт страціла 17 мільёнаў падпісчыкаў, бо не падтрымала Трампа

Антось Жупран