Украінскія разведчыкі эвакуявалі з вострава Змяіны 15 кацянят ФОТЫ

Іх перадалі ў прытулак «Сірыус».

26.11.2024 / 15:02

Набліжэнне зімовых маразоў ускладняе бесклапотнае жыццё шматлікіх катоў і кацянят, якія жывуць на востраве Змяіны ў Чорным моры. Таму байцы спецпадраздзялення «Цімур» Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны, якія ажыццяўлялі патруляванне, вырашылі зрабіць важную справу ― эвакуявалі 15 жывёл з выспы на «вялікую зямлю», паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі.

Коцікаў клапатліва прывезлі ў адзін з найбуйнейшых прытулкаў для жывёл ва Украіне «Сірыус»

Пасля адаптацыі выратаваных са Змяінага катоў кожны жадаючы будзе мець магчымасць прытуліць аднаго з іх і аформіць апеку ў прытулку «Сірыус», які непасрэдна займаецца адаптацыяй. 

Украінскія воіны і ўкраінскія дабрачынныя фонды не ўпершыню ратуюць жывёл падчас вайны.

Падчас баявой аперацыі на Харкаўшчыне сёлета вайскоўцы 92-й брыгады выявілі ў разбураным доме зачыненых у клетцы галодных савянятаў. Птушак выратавалі і перадалі пад апеку начальніку ГУР Кірылу Буданаву. Кіраўнік спецслужбы, як вядома, любіць жывёл: у яго жывуць каты Гюнтэр і Змей, жабяня Пятро і канарэйкі.

Nashaniva.com