Пачалі судзіць пажарнага, які публічна звольніўся ў 2020 годзе

Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска пачынаюць судзіць 32-гадовага Антона Булаха — былога пажарнага аварыйна-выратавальнай часткі Кастрычніцкага РАНС (раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях). У 2020 годзе ён публічна звольніўся.

26.11.2024 / 15:43

 

Цяпер яго судзяць паводле «народнага» артыкула 342 КК за ўдзел у мірных шэсцях у 2020 годзе. Справу разглядае суддзя Святлана Касмачова, піша «Вясна».

Вядома, што Антона затрымалі 9 верасня 2020 года. Раней ён вёў інстаграм, у якім распавядаў пра гісторыі на сваёй працы.

«У зводках галоўнае што? Паказаць канчатковы вынік: пажар ліквідаваны, пацярпелых няма. Я ж стараюся пісаць так, каб людзям было цікава і каб яны хаця б мінімальна ўяўлялі сабе, што адбываецца на кожным этапе працы пажарных-ратавальнікаў», — распавядаў ён у інтэрв’ю. 

Антон Булах нарадзіўся ў 1992 годзе. У 2014 годзе закончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Пасля звальнення працаваў у IT-сектары.

Nashaniva.com