Ціханоўская: З мужам ужо больш за 600 дзён няма сувязі, але Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала
У інтэрв’ю TVP World беларуская лідарка падзялілася думкамі наконт цяперашняга стану мужа Сяргея ў турме.
28.11.2024 / 10:45
«У самым пачатку мы ўсе верылі, што Сяргей хутка вернецца дадому. Таму я казала дзецям, што іх тата ў камандзіроўцы. Але потым я вырашыла расказаць ім праўду:
Сяргей у турме, але не таму што ён злачынец, а таму што іх тата — сумленны чалавек, які адважыўся кінуць выклік рэжыму. Ён зрабіў гэта дзеля іх будучыні. Яны плакалі некалькі дзён, але прынялі гэта.
І з тых часоў мая задача — зрабіць так, каб тата ўсё роўна прысутнічаў у жыцці маіх дзяцей: мы ўвесь час глядзім відэа з яго блога на YouTube, а наша дачка піша лісты тату на кожнае свята».
Святлана расказала пра цяперашні стан Сяргея:
«Больш за 600 дзён з ім няма сувязі. Мой муж ужо чатыры гады не атрымліваў ніякіх пасылак. Уявіце сабе гэтую турэмную ежу, без вітамінаў. Думаю, ён моцна схуднеў.
Вядома, што ва ўсіх палітвязняў узнікаюць праблемы са здароўем, з зубамі, з вачыма. Іх вельмі часта саджаюць у карцары, у іх няма ні падушак, ні коўдраў, нічога. Але, ведаеце, Сяргей — адзін з самых моцных людзей, якіх я сустракала.
Ён заўсёды быў маім арыенцірам у свеце і жыцці. Ён спраўляўся са шматлікімі цяжкасцямі ў нашым жыцці. Таму я веру, што мы разам пройдзем і праз гэта».
Заўтра, 29 лістапада, будзе роўна чатыры з паловай гады, як затрымалі Сяргея Ціханоўскага.